Ціханоўская падчас візыту ў Лёндан расказала пра супраціў у Беларусі

Сьвятлана Ціханоўская на брыфінгу для паслоў краін ЭЗ у Лёндане, Вялікая Брытанія. 16 кастрычніка 2023
Сьвятлана Ціханоўская на брыфінгу для паслоў краін ЭЗ у Лёндане, Вялікая Брытанія. 16 кастрычніка 2023

16 кастрычніка Ціханоўская правяла брыфінг для паслоў краін ЭЗ у Лёндане. 17 кастрычніка чакаецца яе выступ у парлямэнце Вялікай Брытаніі.

У сваёй прамове Сьвятлана Ціханоўская перад дыпляматамі гаварыла пра неабходнасьць дапамагчы беларусам абараніць сваю краіну ва ўмовах сталага наступу на яе сувэрэнітэт з боку пуцінскага рэжыму пры папушчальніцтве і з дапамогай Лукашэнкі.

Ціханоўская на брыфінгу для паслоў краін ЭЗ у Лёндане 16 кастрычніка заявіла сярод іншага аб неабходнасьці сумесных дзеяньняў для вызваленьня палітвязьняў, аб прыцягненьні Лукашэнкі да адказнасьці за перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей і злачынствы супраць беларускага народу.

Сьвятлана Ціханоўская правяла брыфінг для паслоў краін ЭЗ у Лёндане
Сьвятлана Ціханоўская правяла брыфінг для паслоў краін ЭЗ у Лёндане

Яна тлумачыла, што дэмакратычная Беларусь стане часткай вырашэньня праблемы — таму ўсяму сьвету мае сэнс дапамагчы дэмакратычнай супольнасьці ў яе барацьбе супраць саюзу двух дыктатараў.

«Мы бачым, што Расея выкарыстоўвае сытуацыю на Блізкім Усходзе для эскаляцыі нападаў на Ўкраіну. Гэтую ж сытуацыю Лукашэнка выкарыстоўвае для ўзмацненьня рэпрэсій супраць беларусаў, — заявіла Ціханоўская, — Калі мы хочам перамагчы тыранію, а менавіта Расею, нам варта пачаць з закрыцьця шчылін у санкцыях, папярэдзіўшы трэція краіны — Цэнтральнай Азіі і Блізкага Ўсходу, што яны сутыкнуцца з наступствамі за дапамогу тыранам у абыходзе санкцый. Мы таксама просім сынхранізаваць санкцыі паміж краінамі ЭЗ, ЗША, Вялікай Брытаніяй і інш. Увесьці індывідуальныя санкцыі супраць паслугачоў рэжыму. Судзьдзі, прапагандысты, начальнікі турмаў, супрацоўнікі КДБ — усе яны павінны быць у санкцыйным сьпісе».

Калі ўводзяцца санкцыі супраць Расеі, аргумэнтацыя павінна ўключаць падрыў беларускага сувэрэнітэту, адзначыла Ціханоўская.

«Расея дэ-факта акупуе і калянізуе Беларусь. Эканамічнымі, інфармацыйнымі і ваеннымі сродкамі. На маіх сустрэчах тут, у Вялікай Брытаніі, я буду прапаноўваць Вялікай Брытаніі ініцыяваць слуханьні паводле формулы Арыі па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН разам з Альбаніяй, Бразыліяй і ЗША. Я ня веру, што беларускае войска ўступіць у вайну. І гэта не заслуга Лукашэнкі. Супраціў сышоў у падпольле, але ён працягваецца», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Яна заклікала паслоў краін ЭЗ зьвярнуцца да сваіх урадаў з просьбай аказаць дапамогу беларускім дэмакратычным сілам і грамадзянскай супольнасьці.

«Цяпер у нас дастаткова рэсурсаў, каб выжыць, але не перамагчы. Ключавое значэньне маюць падтрымка рэпрэсаваных і палітвязьняў, умацаваньне патэнцыялу дэмакратычных інстытутаў і супрацьдзеяньне прапагандзе. Прашу вас падтрымаць наш праект новага беларускага пашпарта. А таксама я прашу вас далучыцца да Дня салідарнасьці зь Беларусьсю 12 лістапада», — заявіла Ціханоўская.

17 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская выступіць з «Вэстмінстэрскай лекцыяй» у Брытанскім парлямэнце. Слухачамі будуць чальцы парлямэнту, дыпляматычная супольнасць. Прэсавая служба Ціханоўская паведаміла, што гэта будзе праграмны зварот аб сытуацыі ў Беларусі і стратэгічных прыярытэтах для дэмакратычных сіл і міжнароднай супольнасьці ў адносінах да Беларусі.

У плянах Ціханоўскай таксама перамовы зь міністрам замежных спраў Вялікай Брытаніі Джэймсам Клевэрлі аб сытуацыі ў Беларусі і сумесных дзеяньнях.

Таксама Ціханоўская возьме ўдзел у Беларуска-Брытанскім форуме, які пройдзе ў South Bank University.

Сустрэча з дыяспарай пройдзе ў аўторак, 17 кастрычніка, з 18:20 да 19:10 у South Bank University.

​
XS
SM
MD
LG