ЗША выдзяляюць пакет вайсковай дапамогі Ўкраіне на $ 175 млн. Блінкен анансаваў яшчэ $1 млрд

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітрый Кулеба і дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у Кіеве, 6 верасьня 2023 г.

Міністэрства абароны ЗША абвясьціла аб выдзяленьні новага пакета вайсковай дапамогі Ўкраіне на $ 175 млн, у які ўвайшлі боепрыпасы са зьбедненым уранам для танкаў Abrams.

У пакет таксама ўключаныя: абсталяваньне для падтрымкі сыстэм СПА Украіны, боепрыпасы для РСЗА HIMARS, артылерыйскія снарады, ракеты з аптычным навядзеньнем (TOW), супрацьтанкавыя комплексы Javelin і AT-4, патроны, тактычныя аэранавігацыйныя сыстэмы і запасныя часткі і іншае палявое абсталяваньне.

«Злучаныя Штаты будуць працягваць працаваць са сваімі саюзьнікамі і партнэрамі над прадстаўленнем Украіне магчымасьцяў для задавальненьня яе непасрэдных запатрабаваньняў на полі бою і доўгатэрміновых запатрабаваньняў у дапамозе ў галіне бясьпекі», – гаворыцца ў паведамленьні на сайце Мінабароны ЗША.

Аб тым, што ЗША ў пачатку верасьня абвесьцяць аб пастаўках Украіне снарадаў са зьбедненым уранам, раней пісала агенцтва Reuters. Крыніцы Politico паведамілі, што ў верасьні Ўкраіна атрымае першыя 10 танкаў Abrams, усяго Кіеву будзе перададзены 31 такі танк.

Увесну 2023-га аб пастаўках Украіне снарадаў са зьбедненым уранам для танкаў Challenger 2 абвясьцілі брытанскія ўлады.

ААН выступае супраць прымяненьня снарадаў са зьбедненым уранам, заявілі ў офісе генэральнага сакратара арганізацыі. Злучаныя Штаты ў адказ на гэта паведамілі, што снарады не нясуць радыяактыўнай небясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вайсковыя экспэрты ЗША: «Праўдападобна, украінцы прабілі першую лінію расейскіх мінных палёў і ўмацаваньняў»

Тым часам дзяржсакратар Энтані Блінкен наведвае Кіеў, каб выказаць падтрымку Ўкраіне і контранаступу, які яна ажыцьцяўляе супраць расейскіх войскаў. Ён заявіў, што Вашынгтон хацеў бы пераканацца, што ў яго саюзьніка ёсьць «моцныя сродкі стрымліваньня».

Блінкен анансаваў новы пакет дапамогі ЗША Украіне на суму больш за мільярд даляраў, у тым ліку $665 млн на ваенныя мэты.

У прыватнасьці, у пакеце будзе «важная дапамога па размінаваньні», сказаў ён.

Блінкен, першы высокапастаўлены прадстаўнік ЗША, які наведаў Кіеў ад моманту пачатку контранаступу ў пачатку чэрвеня, пачаў перамовы зь міністрам замежных спраў Украіны Дзьмітрыем Кулебам і павінен сустрэцца з прэзыдэнтам краіны Ўладзімерам Зяленскім.

«Мы хочам пераканацца ў тым, што Ўкраіна мае ўсё неабходнае ня толькі для посьпеху контранаступу, але і на доўгатэрміновую пэрспэктыву, каб забясьпечыць ёй моцныя сродкі стрымліваньня, — сказаў Блінкен, стоячы побач з Кулебам. — Мы таксама маем намер працягваць працаваць з нашымі партнэрамі па будаўніцтве і аднаўленьні моцнай эканомікі, моцнай дэмакратыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мы рухаемся наперад па некалькіх напрамках», — Зяленскі пра контранаступ

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.