Прэм’ер-міністар Фінляндыі Пэтэры Орпа і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на сумеснай прэс-канфэрэнцыі, 23 жніўня 2023 году
На пытаньне пра ўкраінскі контранаступ Уладзімір Зяленскі адказаў, што Ўкраіна паступова рухаецца наперад, хоць гэта вельмі цяжка, бо расейцы шчыльна мінуюць тэрыторыю.
Як паведамляе «Українська правда», Уладзімір Зяленскі на сумеснай з прэм’ер-міністрам Фінляндыі Пэтэры Орпам прэс-канфэрэнцыі заявіў пра пэўны посьпех Узброеных сілаў Украіны ў контранаступальных дзеяньнях.
«Калі вы ня супраць, я ня буду ўсё казаць публічна, але мы бачым, што рухаемся па некалькіх напрамках, — сказаў Зяленскі. — Нам вельмі цяжка, вельмі шчыльнае мінаваньне, проста тысячы мінаў — гэта тое, што пакідае за сабой Расея. Самая галоўная тэндэнцыя, якую мне кожны дзень дакладваюць вайскоўцы, — мы пастаянна і пастаянна рухаемся наперад. Так, патроху, але кірунак правільны».
22 жніўня ў Мінабароны Ўкраіны паведамілі, што 47-я брыгада ўвайшла ў сяло Рабацін Запароскай вобласьці і арганізавала эвакуацыю мірнага насельніцтва. Расейцы абстрэльваюць сяло з артылерыі.
16 жніўня ў Мінабароны Ўкраіны пацьвердзілі, што ўкраінскія Ўзброеныя сілы вызвалілі Ўраджайнае ў Данецкай вобласьці.
У канцы ліпеня дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што Ўкраіна вярнула сабе палову тэрыторыі, захопленай з самага пачатку поўнамаштабнага ўварваньня. У той жа час, паводле яго, Кіеву даводзіцца «вельмі цяжка біцца», каб адваяваць больш сваіх земляў.