Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковыя экспэрты ЗША: «Праўдападобна, украінцы прабілі першую лінію расейскіх мінных палёў і ўмацаваньняў»

Дэвід Пэтрэўс
Дэвід Пэтрэўс

Нягледзячы на ​​тое, што чаканы хуткі прарыў Украіны не адбыўся, скептыкам варта зьмякчыць свой пэсымізм, лічыць генэрал арміі ЗША ў адстаўцы Дэвід Пэтрэўс. Ён выказаў перакананьне, што контранаступ пакуль знаходзіцца на пачатковай стадыі і Ўзброеныя Сілы яшчэ могуць зьдзівіць.

У артыкуле для The Washington Post генэрал арміі ЗША ў адстаўцы Дэвід Пэтрэўс і дырэктар праекту крытычных пагроз Амэрыканскага інстытуту прадпрымальніцтва Фрэдэрык Каган адзначаюць, што ў апошні час пачасьціліся змрочныя прагнозы адносна контранаступу Ўзброеных Сіл Украіны. Экспэрты падкрэсьліваюць, што вайна ня йдзе лінейна. І хоць расейцы здольныя доўга трымаць абарону, у нейкі момант яе можна раптоўна і хутка пераадолець.

«Украінцы імкнуцца стварыць менавіта такі эфэкт — і ёсьць падставы меркаваць, што яны могуць гэта зрабіць», — адзначаюць Пэтрэўс і Каган.

На іх думку, расейскія войскі, якія знаходзяцца на першай лініі абароны, верагодна, стаміліся або ўжо зьнясіленыя. Бо ратацыі не праводзілі як мінімум з пачатку контранаступу 4 чэрвеня. Акрамя таго, на думку экспэртаў, таксама незразумела, наколькі моцна замінаваныя і ўкамплектаваныя другарадныя рубяжы абароны расейцаў.

«Самае галоўнае, што ў Расеі няма вялікіх апэратыўных рэзэрваў. Гэта азначае, што любы ўкраінскі прарыў існуючых рубяжоў будзе складана хутка закрыць. На гэта Ўкраіна робіць стаўку», — гаворыцца ў артыкуле Washington Post.

У той жа час Дэвід Пэтрэўс і Фрэдэрык Каган адзначаюць, што расейская армія пераняла гнуткую абарону, пры якой яе войскі спачатку адступаюць, а потым контратакуюць, калі ўзброеныя сілы нясуць страты і пачынаюць стамляцца. Таму, падкрэсьліваюць аўтары, хоць украінскі контранаступ надзвычай складаны, Узброеныя сілы дэманструюць посьпех.

У прыватнасьці, яны наступаюць на двух ключавых напрамках: у раёне Рабоціна ў напрамку Такмаку і Мелітопалю і на поўдзень ад Вялікай Навасёлкі ў напрамку Бярдзянска. Таму вайсковыя экспэрты мяркуюць, што, хутчэй за ўсё, украінцы прарвалі прынамсі першую лінію расейскіх мінных палёў і абарончых умацаваньняў на абодвух участках, і іх наступ у раёне Рабоціну мае шанцы на паскарэньне.

Прабіць сур’ёзную абарону, такую, як расейцы стварылі ва Украіне, — складаная задача для любога войска, пішуць Дэвід Пэтрэўс і Фрэдэрык Каган і адзначаюць, што падобныя апэрацыі праводзілі ЗША ў Іраку, але ў той жа час яны мелі поўнае панаваньне ў паветры, у адрозьненьне ад украінскіх вайскоўцаў.

Таму аўтары артыкулу заклікаюць не крытыкаваць контранаступ, а паскорыць забесьпячэньне Ўзброеных Сіл Украіны зьнішчальнікамі F-16, а таксама ракетнымі комплексамі ATACMS і касэтнымі боепрыпасамі.

З гэтымі думкамі пагадзіўся былы камандуючы войскам ЗША ў Эўропе Бэн Годжес.

«Пэнтагон шмат гаворыць пра мультыдамэнныя апэрацыі. Узброеныя Сілы Ўкраіны гэтым сапраўды займаюцца. Наземны штурм — толькі частка контранаступу», — напісаў Годжэс.

New York Times лічыць, што гэтая заява сьведчыць пра зьмену пазыцыі ЗША, якія раней заяўлялі, што далучацца да падрыхтоўкі ўкраінскіх лётнікаў толькі ў выпадку вычарпаньня магчымасьцяў эўрапейскіх партнэраў, а цяпер кажуць, што «робяць усё магчымае», каб паскорыць праграму навучаньня.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG