ААН заявіла, што ня мае дастатковых доказаў, каб прызнаць ваенныя злачынствы Расеі генацыдам украінцаў

Эрык Мёзэ

На прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве прадстаўнікі міжнароднай арганізацыі назвалі прычыны, чаму пакуль ня могуць прызнаць дзеяньні расейцаў ва Ўкраіне генацыдам.

Міжнародная камісія ААН у расьсьледаваньні парушэньняў ва Ўкраіне пакуль не прыйшла да высновы, што ў краіне адбываецца генацыд.

«На гэтым этапе мы яшчэ не прыйшлі да высновы, што мае месца генацыд», — так адказаў кіраўнік Незалежнай міжнароднай камісіі ААН Эрык Мёзэ на пытаньне журналіста ўкраінскай службы Радыё Свабода.

Па словах Эрыка Мёзэ, камісія ня мае дастатковай колькасьці даступных доказаў, каб адпавядаць прававой кваліфікацыі Канвэнцыі аб генацыдзе.

«Мы добра ўсьведамляем занепакоенасьць гэтымі злачынствамі. Такім чынам, мы дасьледуем гэта крок за крокам. На дадзены момант у нас няма дастаткова даступных доказаў, каб адпавядаць прававой кваліфікацыі ў адпаведнасьці з Канвэнцыяй аб генацыдзе. Вы памятаеце, што гэта справа намеру, намеру злачынцаў. Павінна быць „неабходнасьць“ зьнішчыць пэўную групу. І такое зьнішчэньне, згодна з Канвэнцыяй, павінна быць фізычным або біялягічным. Гэта жорсткія ўмовы (для прызнаньня генацыду. — Рэд.), якія пацьвярджаюцца судовай практыкай», — заявіў кіраўнік Незалежнай міжнароднай камісіі ААН у расьсьледаваньні парушэньняў ва Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Бучы адкрылі мэмарыял памяці загінулых жыхароў гораду

Аднак ён кажа, што расьсьледаваньне ва Ўкраіне будзе працягвацца. Раней камісія ўжо адзначала, што «ў расейскіх СМІ былі пэўныя выказваньні, якія, магчыма, маглі быць зьвязаныя з тэмай падбухторваньня да генацыду».

«Як вы ведаеце, мы раскрылі вялікую колькасьць ваенных злачынстваў. Мы выявілі катаваньні і напады (на энэргетычную інфраструктуру Ўкраіны. — Рэд.) з кастрычніка 2022 году, пытаньне ў тым, ці трэба іх лічыць злачынствамі супраць чалавечнасьці... І мы вызначылі, што ёсьць прыкметы таго, што гэта можа быць злачынствам супраць чалавецтва. Таму я лічу карысным глядзець на ўсё ў кантэксьце», — сказаў на заканчэньне Эрык Мёзэ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Дзіцячая спэцапэрацыя. Хто вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь», — дасьледаваньне Беларускага расьсьледніцкага цэнтру

Раней у Генпракуратуры Ўкраіны заявілі, што праводзяць аналіз больш як 100 тысяч ваенных злачынстваў, учыненых Расеяй супраць Украіны з мэтай «генацыду».

Украінскія ўлады неаднаразова абвінавачвалі Расею ў генацыдзе. Краіны Захаду ўдзельнічаюць у пацьвярджэньні фактаў масавых забойстваў і іх расьсьледаваньні. Расейская Фэдэрацыя адхіляе абвінавачваньні ў ваенных злачынствах.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.