Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзіцячая спэцапэрацыя. Хто вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь», — дасьледаваньне Беларускага расьсьледніцкага цэнтру


Дзеці з акупаванай расейцамі часткі ўкраінскага Данбасу — у брыгадзе сілаў спэцыяльных апэрацыяў МУС Беларусі, Менск
Дзеці з акупаванай расейцамі часткі ўкраінскага Данбасу — у брыгадзе сілаў спэцыяльных апэрацыяў МУС Беларусі, Менск

«Тое, што Пуцін назваў сьвятой справай выратаваньня жыцьця і здароўя, эўрапарлямэнтары ацанілі як злачынства супраць чалавечнасьці і генацыд. Да якіх мае дачыненьне і Лукашэнка. Размова аб вывазе дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны», — гаворыцца ў прэамбуле чарговага дасьледаваньня БРЦ.

Спачатку вывезеныя дзеці трапляюць у Расею, некаторыя потым у Беларусь. Адкуль, па дадзеных грамадзкіх дзеячоў, ня ўсе вяртаюцца. Хто зь беларусаў, акрамя Аляксандра Лукашэнкі, удзельнічаў у незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей — у расьсьледаваньні БРЦ.

«Мой дом разьбіты», «там дрэнна», «шмат страляюць», «пэрыядычна робіцца страшна». Гэта словы дзяцей са зьнішчанага расейскімі войскамі Марыюпалю, Горлаўкі, дзіцячага дома ў горадзе Антрацыт. Цытаты прывяло выданьне «Беларусь сегодня», расказваючы аб прыбыцьці ў красавіку 350 школьнікаў з акупаваных украінскіх тэрыторый.

У Беларусі, празь якую ва Ўкраіну ўвайшлі расейскія вайскоўцы, дзецям прапанавалі запомніць «сваё дзяцінства такім, якім яно павінна быць: спакойным, цікавым і радасным». Іх адправілі ў лягер «Дубрава», які належыць «Беларуськалію».

Пра «Дубраву» і яшчэ тры лягеры — санаторыі «Астрашыцкі гарадок» і нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтар «Зубраня» у Менскай вобласьці і санаторый «Залатыя пяскі» у Гомельскай вобласьці — у сярэдзіне ліпеня напісала брытанская The Telegraph. У іх, паводле дадзеных выданьня, з верасьня 2022 году апынулася больш за дзьве тысячы дзяцей з Украіны.

Прывезьці ўкраінскіх школьнікаў у Беларусь — больш за тысячу ў красавіку-траўні 2023 году — атрымалася «дзякуючы даручэньню Аляксандра Лукашэнкі», напісалі ў «Беларусь сегодня». За ўдзел «рэжыму ў незаконным перамяшчэньні дзяцей» дэпутаты Эўрапарлямэнту патрабуюць выдаць на яго міжнародны ордэр на арышт, аналягічны выдадзенаму Міжнародным крымінальным судом у Гаазе на Ўладзіміра Пуціна.

Пад выглядам дапамогі

Сьнежань 2022 году. На сталічны вакзал прыбыў цягнік Адлер — Менск. У ім — дзеці з акупаванай Горлаўкі. Сустракаюць іх чальцы праўладнага расейскага байкерскага клюбу «Начныя ваўкі», валянтэры і паралімпіец, заснавальнік дабрачыннага фонду Аляксей Талай.

У сакавіку 2023 году Талай зьвярнуўся ў сталы камітэт «саюзнай дзяржавы» з просьбай дапамагчы арганізаваць прыезд дзяцей з «ДНР» і «ЛНР»

Менавіта пад кіраўніцтвам Талая ў Беларусі ўкраінскіх дзяцей забаўляюць, апякуюцца імі і ідэалягічна апрацоўваюць.

«Атрымаўшы згоду і падтрымку кіраўніка дзяржавы, мы сталі прапрацоўваць магчымасьць адпачынку дзяцей Данбасу ў Беларусі», — расказваў Талай на YouTube-канале БелТА ў чэрвені.

Для дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторый ладзяць і канцэрты. Выступаюць на іх праўладныя артысты. Напрыклад, сёстры Грузьдзевы. На выступе 7 кастрычніка 2022 году, у дзень нараджэньня прэзыдэнта Расеі, яны назвалі дзяцей «выбранымі» і «шчасьліўчыкамі», але запомніліся гэтым выказваньнем: «Каб Байдэн здох, Божа, даруй мне. Зяленскі таксама. А Пуцін квітнеў і ўзяў пад свой кантроль усю Ўкраіну».

Сям’я Лукашэнкі

У арганізацыі мерапрыемстваў для дзяцей, якіх прывезьлі ў Беларусь праз Растоў-на-Доне з Украіны, удзельнічаюць сваякі Лукашэнкі. Адзін зь іх, Уладзімер Кулакоў, — актывіст праўладнага абʼяднаньня «Патрыёты Беларусі», саўладальнік фірмы ТАА «Хуткія аўтамабільныя мыйкі», муж Тацяны Кулаковай, роднай сястры жонкі Дзьмітрыя Лукашэнкі Ганны.

Уладзіміра можна ўбачыць на фатаграфіях з Аляксеем Талаем, зробленых пасьля канцэрту ў санаторыі «Зялёны бор», які арганізавалі для дзяцей з Горлаўкі.

Да ідэалягічнай апрацоўкі ўкраінскіх дзяцей у Беларусі датычны і сярэдні сын Лукашэнкі Дзьмітрый. Прарасейская актывістка Вольга Волкава, якая вядзе Instagram пад імем Вольга Падгайная, дзякавала ў сваім акаўнце яму асабіста, а таксама ўсім, хто «напаўняе кожны дзень перабываньня дзяцей цяплом і клопатам».

Хто плаціць за «эвакуацыю»

Вываз дзяцей з акупаваных тэрыторый у Беларусь аплачваецца зь бюджэту «саюзнай дзяржавы», гэта значыць зь дзяржбюджэтаў Расеі і Беларусі. Толькі ў верасьні 2022 году з саюзнага бюджэту на «аказаньне гуманітарнай дапамогі» на акупаваных тэрыторыях вылучылі 29 мільёнаў расейскіх рублёў (каля паўмільёна даляраў). Гэтыя грошы выдзяляліся ў тым ліку на аздараўленьне ўкраінскіх дзяцей у Беларусі.

Фонд Талая таксама просіць аб фінансавай дапамозе беларускія выканкамы — ён арганізоўваў паездкі на акупаваныя тэрыторыі з гуманітарнай дапамогай, а дзяцей, якія маюць патрэбу, абяцаў прывезьці ў Беларусь на «аздараўленьне і рэабілітацыю».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG