У Бучы адкрылі мэмарыял памяці загінулых жыхароў гораду

Фатаграфія рукі забітай жанчыны з Бучы, якая пазьней стала знакамітай на ўвесь сьвет, 2 красавіка 2022
Фатаграфія рукі забітай жанчыны з Бучы, якая пазьней стала знакамітай на ўвесь сьвет, 2 красавіка 2022

У горадзе Буча Кіеўскай вобласьці Ўкраіны перад уваходам у гарадзкі парк адкрылі мэмарыял памяці мясцовых жыхароў, якія загінулі падчас расейскай акупацыі. Мэмарыял нагадвае калюмбарый, на якім выгравіраваныя імёны 501 чалавека.

«Помнім усіх пайменна... Гэта нельга забыць і нельга дараваць. Таму мы працягваем нагадваць сьвету пра ваенны трыбунал», — заявіў мэр Бучы Анатоль Федарук.

У пачатку красавіка мінулага году, пасьля таго як расейскае войска пакінула раней занятую і ўтрымваную на працягу месяца Кіеўскую вобласьць і туды зайшлі ўкраінскія войскі, у горадзе Буча былі знойдзены целы сотняў мірных грамадзян.

Па сьведчаньнях жыхароў Бучы, расейскія салдаты расстрэльвалі, гвалтавалі і катавалі мясцовае насельніцтва. Пазьней украінскія ўлады афіцыйна абвінавацілі расейскі бок у шматлікіх ваенных злачынствах.

Міністэрства абароны Расеі абвергла ўсе абвінавачаньні. У заяве ведамства гаварылася, што фатаграфіі і відэаматэрыялы з Бучы зьяўляюцца правакацыяй і «пастаноўкай кіеўскага рэжыму для заходніх СМІ», а большасьць трупаў зьявіліся ўжо пасьля таго, як у горад увайшлі ўкраінскія вайскоўцы.

Аналіз спадарожнікавых здымкаў абверг паведамленьні расейскага ведамства. Па дадзеных расьсьледнікаў, атрыманыя матэрыялы дазваляюць казаць аб тым, што целы забітых зьвіліся на вуліцах Бучы ў той час, калі горад знаходзіўся пад поўным кантролем расейскіх вайскоўцаў.

У Расеі супраць тых, хто распаўсюджваў зьвесткі аб тым, што адбылося ў Бучы, заведзеныя дзесяткі крымінальных і сотні адміністрацыйных спраў. Многія абвінавачаныя прыгавораныя да працяглых тэрмінаў зьняволеньня.

​
XS
SM
MD
LG