У новы санкцыйны сьпіс ЭЗ супраць Беларусі ўвайшлі 3 прадпрыемствы і 38 фізычных асобаў. Камэнтар Офісу Ціханоўскай
3 жніўня сьпіс беларускіх прадпрыемстваў і асобаў, якія трапілі пад новыя санкцыі Эўразьвязу, апублікаваныў афіцыйным часопісе ЭЗ.
Сярод прадпрыемстваў пад санкцыі трапілі:
ААТ «Менскі электратэхнічны завод»,
ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“»,
Белнафтахім.
У санкцыйным сьпісе фізычных асобаў:
Аляксандар Карніенка, былы начальнік папраўчай калёніі № 17 у Шклове, быў начальнікам гэтай калёніі на момант гібелі ў ёй палітвязьня Вітольда Ашурка;
Андрэй Пальчык, экс-начальнік папраўчай калёніі № 1 у Наваполацку;
Аляксандар Кароль, старшы пракурор Генпракуратуры, сярод іншага, падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачваньне ў справах супраць Нобэлеўскага ляўрэата, праваабаронцы Алеся Бяляцкага і іншых вясноўцаў, у справах Эдуарда Бабарыкі, Марыі Калесьнікавай, Максіма Знака, Алеся Пушкіна;
Міхаіл Мурашкін, былы намесьнік кіраўніка гарадзкога аддзелу МУС у Жодзіне;
Мікалай Максімовіч, намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі УВД Менскага аблвыканкаму;
Пётр Арлоў, судзьдзя Менскага гарадзкога суду, выносіў прысуд на «завочным судзе» Сьвятлане Ціханоўскай, Паўлу Латушку і іншым фігурантам справы Каардынацыйнай рады;
Руслан Машадзіеў, начальнік папраўчай калёніі № 1 у Наваполацку;
Сяргей Карчэўскі, начальнік рэжымнай часткі папраўчай калёніі № 17 у Шклове;
Сяргей Масьлюкоў, начальнік выхаўчай калёніі ў Бабруйску;
Сьвятлана Бандарэнка, судзьдзя суду Маскоўскага раёну Менску, вынесла прысуд журналістцы Tut.by Кацярыне Барысевіч і лекару Арцёму Сарокіну за «разгалошваньне лекарскай тайны» па справе забітага Рамана Бандарэнкі;
Сьвятлана Паходава, начальніца жаночай папраўчай калёніі № 4 у Гомлі;
Тацяна Пірожнікава, судзьдзя суду Маскоўскага раёну Менску;
Тацяна Гракун, старшы пракурор у пракуратуры Менскай вобласьці;
Валянціна Зянкевіч, судзьдзя Менскага гарадзкога суду, вынесла прысуд рэдактаркам Tut.by Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай;
Яўген Бубіч, начальнік папраўчай калёніі №2 у Бабруйску;
Юры Васілевіч, начальнік папраўчай калёніі № 14 у Навасадах;
Раман Бізюк, пракурор Менскага гарадзкога суду, у прыватнасьці, выступаў на баку абвінавачаньня ў справе праваабаронцы Марфы Рабковай;
Сяргей Хрыпач, судзьдзя Менскага гарадзкога суду;
прапагандыст Вадзім Гігін, цяперашні дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, былы кіраўнік дзяржаўна-грамадзкага таварыства «Веды», дэкан факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ;
прапагандыстка Ксенія Лебедзева, супрацоўніца дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1»;
Зiнаiда Балабалава, судзьдзя Наваполацкага гарадзкога суду;
Галіна Кніжонак, судзьдзя суду Мазырскага раёну;
Ганна Лявусік, судзьдзя Ленінскага раённага суду Горадні;
Генадзь Кудласевіч, судзьдзя Іванаўскага раённага суду;
Іна Паўлоўская, судзьдзя Баранавіцкага раённага суду;
Аляксандар Тараканаў, судзьдзя Шклоўскага раённага суду;
Дзьмітры Бубенчык, судзьдзя Гомельскага раённага суду, вынес прысуд журналістцы тэлеканалу «Белсат» Кацярыне Андрэевай;
Алег Харошка, судзьдзя Гомельскага абласнога суду;
Анастасія Бенедзісюк, прапагандыстка, супрацоўніца дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь 1»;
Яўген Пуставы, прапагандыст, супрацоўнік дзяржаўнага тэлеканала СТВ;
Алена Гормаш, судзьдзя суду Бабруйскага раёну і Бабруйску;
Андрэй Тарасевіч, судзьдзя Глыбоцкага раённага суду;
Ганна Асіпенка, судзьдзя суду Бабруйскага раёну і Бабруйску;
Ірына Падкавырава, беларускі пракурор;
Людміла Вашчанка, судзьдзя Глыбоцкага раённага суду;
Уладзімер Давыдаў, судзьдзя Вярхоўнага суду;
Вячаслаў Елісеенка, судзьдзя Докшыцкага раённага суду;
Антон Каляга, сьледчы Галоўнага ўпраўленьня па расьсьледаваньні злачынстваў у сфэры арганізаванай злачыннасьці і карупцыі цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь.
3 жніўня таксама набылі сілу новыя санкцыі Эўразьвязу супраць Беларусі за падтрымку Расеі ў вайне. Імі ўводзіцца дадатковая забарона «на экспарт агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, а таксама тавараў і тэхналёгій, прыдатных для выкарыстаньня ў авіяцыі і касьмічнай прамысловасьці». У гэтым пляне санкцыі ў дачыненьні да Беларусі прыводзяцца ў адпаведнасьць з абмежавальнымі мерамі, уведзенымі супраць Расеі.
26 ліпеня камітэт сталых прадстаўнікоў краін Эўразьвязу ўзгадніў увядзеньне новых санкцый у дачыненьні да афіцыйнага Менску «з прычыны сытуацыі ў краіне і датычнасьці Беларусі да расейскай агрэсіі супраць Украіны».
Раней ЭЗ увёў шэсьць пакетаў санкцый супраць Беларусі, папярэдні раз — больш як год таму, учэрвені 2022-га.
Камэнтар Офісу Ціханоўскай
У камэнтары агенцтву BNP галоўны дарадца дэмакратычнага лідэра Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка заявіў, што новыя санкцыі ЭЗ — важны сыгнал Лукашэнку, што беспакаранасьці ня будзе.
«Лепш позна, чым ніколі. На жаль, больш за год санкцыі супраць рэжыму блякаваліся, што ў вялікай ступені разьвязала рукі Лукашэнку, прывяло да эскаляцыі рэпрэсій, арыштаў і яшчэ большага ўцягваньня Беларусі ў вайну і расейскую арбіту», — заявіў ён.
Вячорка канстатаваў, што лабістам рэжыму на Захадзе «так і не ўдалося зьняць санкцыі з калію». Разам з тым ён лічыць, што новыя санкцыі «несувымерныя з маштабам рэпрэсій і злачынствамі рэжыму». «Але будзе працяг, ужо сёньня мы пачынаем над гэтым працаваць», — падкрэсьліў галоўны дарадца Ціханоўскай.
Ён адзначыў, што санкцыі — гэта «не панацэя, а сродак для зьмены сытуацыі». «Гэта інструмэнт прыцягненьня да адказнасьці, гэта інструмэнт вызваленьня людзей з турмаў, — мяркуе Вячорка. — Санкцыі могуць дапамагчы і ў вызваленьні палітвязьняў, і ў вызваленьні Беларусі. Мы прапануем партнэрам разгледзець санкцыі супраць Расеі за падрыў сувэрэнітэту Беларусі. Над гэтым вядзецца праца».