Алігархі, сярод якіх Міхаіл Гуцэрыеў, пастаўляюць расейскаму войску наймітаў — расьсьледаваньне
Міхаіл Гуцэрыеў разам з Аляксандрам і Мікалаем Лукашэнкамі, а таксама мітрапалітам Веньямінам у храме РПЦ, кастрычнік 2020
Набліжаны да Лукашэнкі расейскі алігарх актыўна дапамагае вэрбаваць новых людзей для расейскага войска на вайну супраць Украіны.
Праект «Важные истории» высьветліў, што Алег Дзерыпаска, Леанід Міхельсон, Міхаіл Гуцэрыеў, Сяргей Гардзееў і іншыя мільярдэры плацяць добраахвотнікам, каб наймаць тых на вайну супраць Украіны.
Тэкст расьсьледаваньня пачынаецца з гісторыі Ігара Сергіенкі, пазыўны «Шэршань». Ваяваць ва Ўкраіну ён прыехаў «вагнэраўцам» яшчэ ў 2014-м.
«Нас тады называлі „іхтамнеты“», — успамінае ён у размове з праектам.
Потым пабываў у Сырыі — «удзельнічаў ва ўзяцьці Пальміры», а ў 2022 годзе вярнуўся ва Ўкраіну, спачатку ў складзе ПВК «Рэдут», а цяпер — у якасьці камандзіра ўзводу ў батальёне «Сокал».
«Сокал» — добраахвотніцкі батальён, але, як і большасьць ПВК, ён зьяўляецца часткай расейскіх узброеных сіл (уваходзіць у 108-ы дэсантна-штурмавы полк). Таму заробак Сергіенкі ідзе зь дзьвюх крыніц: 200 тысяч рублёў у месяц па кантракце плаціць Міністэрства абароны, яшчэ 100 тысяч — спонсар. А гэта акурат кампаніі, што належаць алігархам.
Пры гэтым кампаніі, празь якія гэта робяць — «Русал», «Новатэк», ПИК, «Моспромстрой» — пазьбягаюць санкцый, адзначаецца ў расьсьледаваньні.
У такіх схемах бярэ ўдзел і Міхаіл Гуцэрыеў, якога лічаць самым набліжаным да Лукашэнкі расейскім алігархам. У прыватнасьці, кампанія Гуцэрыева «Моспромстрой» шукае «вайскоўца па кантракце ў зону СВА», як у Расеі называюць вайну.
«Моспромстрой» — старая і прэстыжная па расейскіх мерках арганізацыя: будавала храм Хрыста Збавіцеля ў Маскве, рэканструявала знакамітыя маскоўскія музэі і тэатры; дэвіз кампаніі — «Мы ствараем сылюэт Масквы».
Пад’ёмныя для наймітаў у «Моспромстроя» — 200 тысяч расейскіх рублёў (1985 эўра), зарплата — 150 тысяч (на сёньняшні курс гэта 1488 эўра. Натуральна, у дадатак да выплат Міністэрства абароны).
На пытаньні «Важных историй» кампанія Гуцэрыева не адказала.