Папа Францішак заклікаў беларусаў да «прымірэньня ўнутры краіны і ва ўзаемаадносінах з суседнімі народамі»

Папа Францішак

Пасланьне да беларусаў перадаў папа Рымскі Францішак праз свайго легата — прэфэкта дыкастэрыі ў справах усходніх цэркваў арцыбіскупа Кляўдыё Гуджэроцьці, які прыбыў у Беларусь на ўрачыстасьці з нагоды 25-годзьдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

Паводле інфармацыі парталу Рымска-каталіцкага касьцёла ў Беларусі, Гуджэроцьці перадаў пасланьне кіраўніка Сьвятога пасаду 29 чэрвеня ў Менску на ўрачыстым прыёме з нагоды 11-й гадавіны пантыфікату Францішка.

«Яго любоў і павага да беларускага народу добра вядомыя, — адзначыў легат. — Вядома і тое, якую вялізную заклапочанасьць і занепакоенасьць выклікае ў папы трагедыя вайны, што разрывае гэтую частку сьвету, зь якой ён не зьбіраецца зьмірацца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Папа Рымскі сустрэўся зь вернікамі закрытага ўладамі менскага Чырвонага касьцёла

«У сувязі з гэтым папа зьвяртаецца да Беларусі, каб рахманасьць яе жыхароў, іх глыбокая сумленнасьць і працавітасьць, а таксама асаблівая роля мосту паміж Усходам і Захадам, якую яна адыгрывае, натхнялі перадусім на вялізныя намаганьні быць змагаркаю за мір на шляху дыялёгу справядлівасьці і прымірэньня ўнутры краіны і ва ўзаемаадносінах з суседнімі народамі», — перадаў словы пантыфіка яго пасланьнік.

Францішак, паводле слоў Гуджэроцьці, «просіць міжнародную супольнасьць быць уважлівай да асаблівасьцяў гэтага гераічнага народу, які імкнецца да дабра і спакою».

«Гэта будзе дасягнута ня толькі на падставе павярхоўных меркаваньняў геапалітыкі, заснаванай на дробязных разьліках сваіх прыватных інтарэсаў, але і дзякуючы больш шырокаму бачаньню, пераадоленьню стэрэатыпаў і апоры на тое ўсеагульнае дабро, якое толькі і можа ўратаваць чалавецтва ад катастрофы, да якой мы, самі, гэтага не ўсьведамляючы, небясьпечна набліжаемся, крок за крокам, з таннай рыторыкай, што прыхоўвае разумовую ляноту, якая адмаўляецца ад вялікіх набыткаў мінулага на карысьць эгаістычных разьлікаў, якім чалавецтва больш ня можа паддавацца», — падкрэсьліў папскі легат.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што насамрэч абмяркоўвалі спэцпасланьнік папы Рымскага і кіраўнік МЗС Беларусі

Сёлета традыцыйныя ўрачыстасьці ў гонар Будслаўскага абраза Божай Маці (Будслаўскі фэст) пройдуць 30 чэрвеня — 1 ліпеня.

Каталіцызм — другая паводле колькасьці вернікаў хрысьціянская канфэсія ў Беларусі. У краіне каля 1,5 мільёна католікаў (у тым ліку больш за дзесяць тысячаў грэка-католікаў). Рымска-каталіцкі касьцёл у Беларусі прадстаўлены трыма дыяцэзіямі — Горадзенскай, Віцебскай і Пінскай, а таксама Менска-Магілёўскай архідыяцэзіяй.