Bloomberg: ЭЗ не знайшоў законных падставаў канфіскаваць замарожаныя актывы РФ, але прадставіў альтэрнатыўныя варыянты іх выкарыстаньня

Эўразьвяз прыйшоў да высновы, што ня можа законна канфіскаваць замарожаныя расейскія актывы, і замест гэтага засяродзіўся на часовым выкарыстаньні гэтых актываў.

Пра гэта піша Bloomberg са спасылкай на даклад працоўнай групы па выкарыстаньні блякаваных расейскіх рэзэрваў. У ім гаворыцца, што не існуе «надзейнага прававога мэханізму, які дазваляе канфіскаваць замарожаныя або заблякаваныя актывы выключна на той падставе, што яны падпадаюць пад абмежавальныя меры ЭЗ».

Чальцы рабочай групы прапанавалі альтэрнатыўныя мэханізмы выкарыстаньня заблякаваных актываў, у тым ліку — перадачу Ўкраіне даходу ад інвэставаньня замарожаных сродкаў. Пры гэтым, на думку аўтараў дакладу, такі спосаб можа зьнізіць давер да эўра і ў далейшым дазволіць РФ аспрэчыць гэтае рашэньне ў судзе.

Іншы варыянт — так званы «непрадбачаны ўнёсак». Ён прадугледжвае, што кампаніі, якія атрымалі вялікі прыбытак ад блякаваных расейскіх актываў, павінны будуць перавесьці значную суму Эўразьвязу. Адзначаецца, што сябры працоўнай групы схіляюцца якраз да гэтага мэханізму, бо ён можа зьменшыць юрыдычныя рызыкі, паколькі ЭЗ не кіруе актывамі наўпрост.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Эўразьвяз замарозіў актывы расейскіх алігархаў і кампаніяў на 13,8 мільярда эўра

ЭЗ працягвае вывучаць магчымасьці выкарыстаньня больш як 200 млрд эўра замарожаных актываў Цэнтрабанку Расеі і накіраваньня іх ва Ўкраіну. Многія з гэтых актываў захоўваюцца ў Euroclear, дзе па выніках першага кварталу 2023 году даход ад працэнтных ставак па іх склаў каля 750 млн эўра.

Кіраўнік Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен на канфэрэнцыі па аднаўленьні Ўкраіны ў Лёндане заявіла, што блёк выступіць з прапановай аб выкарыстаньні гэтых актываў у сярэдзіне ліпеня.

  • Эўрапейскі цэнтральны банк раней папярэдзіў кіраўніцтва ЭЗ, што канфіскацыя блякаваных расейскіх актываў можа падарваць давер да эўра як сусьветнай валюты, асабліва калі ЭЗ будзе дзейнічаць у аднабаковым парадку без удзелу іншых краін G7, пісала The Financial Times са спасылкай на крыніцы.
  • ЗША, ЭЗ і іншыя краіны ўвялі санкцыі і замарозілі актывы Расеі і расейскіх алігархаў пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. У лістападзе 2022 году Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што заходнія краіны заблякавалі 300 млрд эўра рэзэрваў Цэнтрабанку РФ і 19 млрд эўра прыватных сродкаў расейскіх алігархаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаму, нягледзячы на санкцыі, пасьля пачатку вайны з Расеі сышлі менш за 10% заходніх кампаній? Вынікі швайцарскага дасьледаваньня

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскі мільярдэр перапісаў на дзяцей $4 мільярды напярэдадні ўварваньня РФ ва Ўкраіну

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.