Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз замарозіў актывы расейскіх алігархаў і кампаніяў на 13,8 мільярда эўра


Эўразьвяз замарозіў актывы расейскіх алігархаў і кампаніяў, якія падпалі пад санкцыі, на суму 13,8 мільярда эўра, піша Reuters са спасылкай на эўракамісара па пытаньнях юстыцыі Дзідзье Рэйндэрса.

Пра гэта ён заявіў на нарадзе міністраў юстыцыі дзяржаваў-чальцоў ЭЗ.

Паводле яго слоў, большая частка замарожаных актываў — больш як на 12 мільярдаў эўра — прыпала на пяць краінаў ЭЗ. У якіх менавіта краінах замарозілі актывы прадпрымальнікаў з Расеі, ён не сказаў.

22 чэрвеня Рэйндэрс у інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» расказаў, што ў ЭЗ арыштавалі актывы расейскіх алігархаў на суму 12,5 мільярда эўра, таксама Зьвяз плянуе арыштаваць актывы Цэнтральнага банку РФ.

Ён паведаміў, што арыштаваная маёмасьць — гэта найперш рахункі ў банках. «Але мы таксама бачылі нерухомасьць у розных месцах і старажытныя творы мастацтва. Існуюць розныя спосабы выкарыстаньня прыватных самалётаў, таму мы паспрабавалі арганізаваць з казначэйствам спосаб замарозіць гэтыя актывы ва ўсіх дзяржавах-чальцах», — сказаў эўракамісар.

Сёньня Рэйндэрс заявіў, што на пачатку восені чакаецца канчатковае палітычнае пагадненьне па новым прававым інструмэнце, які зробіць парушэньне або спробу абысьці санкцыі крымінальным злачынствам на ўсёй тэрыторыі ЭЗ, што стане новай мерай узмацненьня санкцый.

Гэтая палітыка накіраваная на тое, каб нельга было абыходзіць абмежаваньні шляхам пераводу актываў сваякам, якія не падпалі пад санкцыі.

«Калі гэта адбудзецца, то грошы паступяць у фонд для ўкраінскага народу», — сказаў ён.

Рэйндэрс і міністры таксама абмеркавалі супрацоўніцтва з Эўраюстам, агенцтвам Зьвязу па крымінальным правасудзьдзі, у справе збору доказаў меркаваных ваенных злачынстваў ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG