Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На канфэрэнцыі ў Люгана падтрымалі «плян Маршала» для Ўкраіны. Патрэбна 750 мільярдаў даляраў на паваеннае аднаўленьне

Прэзыдэнт Швайцарыі Іньяцыё Касіс з прэм'ер-міністрам Украіны Дзянісам Шмыгалём на канфэрэнцыі аб аднаўленьні Ўкраіны ў Люгана, Швайцарыя, 4 ліпеня 2022
Прэзыдэнт Швайцарыі Іньяцыё Касіс з прэм'ер-міністрам Украіны Дзянісам Шмыгалём на канфэрэнцыі аб аднаўленьні Ўкраіны ў Люгана, Швайцарыя, 4 ліпеня 2022

У Швайцарыі праходзіць міжнародная канфэрэнцыя аб аднаўленьні Ўкраіны пасьля вайны, якую параўноваюць з «плянам Маршала».

Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што на паваеннае аднаўленьне Ўкраіны спатрэбіцца ня менш за 750 мільярдаў даляраў.

«Хто мусіць заплаціць за плян аднаўленьня, які ўжо цяпер ацэньваецца ў 750 мільярдаў. Мы лічым, што ключавой крыніцай аднаўленьня мусяць быць сканфіскаваныя актывы Расеі і расейскіх алігархаў. Расейская ўлада разьвязала гэтую крывавую вайну. Яны выклікалі такія маштабныя руйнаваньні, і яны павінны несьці за гэта адказнасьць», — сказаў Дзяніс Шмыгаль на міжнароднай канфэрэнцыі аб аднаўленьні Ўкраіны ў Люгана (Швайцарыя).

Паводле яго, цяпер замарожаныя актывы складаюць ад 300 да 500 мільярдаў даляраў. «Частка краін ужо пачалі працэсы ня проста замарожваньня, але і канфіскацыі гэтых актываў», — дадаў кіраўнік украінскага ўраду.

4 ліпеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, выступаючы на канфэрэнцыі празь відэасувязь, заявіў, што аднаўленьне Ўкраіны павінна стаць супольнай задачай для ўсяго цывілізаванага сьвету.

«Вайна — гэта ня проста недзе на ўсходзе Эўропы. Гэта напад Расеі на ўсё, што зьяўляецца каштоўнасьцю для нас з вамі. Таму і адбудова Ўкраіны — гэта не лякальны праект. Не праект аднаго народу, а супольнае заданьне ўсяго дэмакратычнага сьвету, усіх краін, якія могуць сказаць пра сябе: мы цывілізаваныя», – заявіў Уладзімір Зяленскі на міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях аднаўленьня Ўкраіны, якая праходзіць у Лугана (Швайцарыя).

Па выніках канфэрэнцыі яе ўдзельнікі падпісалі выніковую дэклярацыю, у якой зацьвердзілі прапанаваны Ўкраінай плян паваеннага аднаўленьня. Згодна з дакумэнтам, будзе створаная каардынацыйная плятформа для падрыхтоўкі рэалізацыі пляну, у якім вызначана сем прынцыпаў і кірункаў супрацы — партнэрства, накіраванасьць на рэформы, празрыстасьць і вяршэнства права, дэмакратычны ўдзел, далучэньне шматлікіх зацікаўленых бакоў, гендэрная роўнасьць і інклюзія, а таксама сталае разьвіцьцё.

Трэба сотні мільярдаў даляраў

У канфэрэнцыі ўдзельнічаюць прадстаўнікі 40 краін і 18 міжнародных арганізацый. У склад украінскай дэлегацыі ўвайшлі кіраўнік ураду Дзяніс Шмыгаль і старшыня Вярхоўнай Рады Руслан Стэфанчук.

Як паведамляе ВВС, сярод схем фінансаваньня рэканструкцыі Ўкраіны — новы фонд, стварыць які, па дадзеных крыніц СМІ, мае намер Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця. Фонд можа сабраць каля 100 мільярдаў эўра зь сяброў ЭЗ і іншых краін сьвету.

Паводле падлікаў Кіеўскай школы эканомікі, шкода, нанесеная ўкраінскім дамам і інфраструктуры, складае амаль 104 мільярды даляраў: разбурана каля 45 мільёнаў квадратных мэтраў забудовы, 256 прадпрыемстваў, 656 мэдычных устаноў і 1177 навучальных устаноў.

Экспэрты школы ацанілі шкоду ўкраінскай эканоміцы ў 600 мільярдаў даляраў. Карэспандэнт аўтарытэтнага часопіса Foreign Policy ў сваёй апошняй публікацыі ацаніў кошт пасьляваеннага аднаўленьня Ўкраіны больш як у 1 трлн даляраў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG