«Загінулых можа быць шмат». Белы дом пра наступствы разбурэньня Кахоўскай ГЭС

Днепр пасьля разбурэньня плаціны Кахоўскай ГЭС

Адміністрацыя ЗША мяркуе, што пасьля разбурэньня плаціны Кахоўскай ГЭС ва Ўкраіне «можа быць шмат сьмерцяў».

Пры гэтым прадстаўнікі амэрыканскай адміністрацыі «ня могуць адназначна сказаць, што адбылося на дадзены момант», заявіў 6 чэрвеня прэс-сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі Джон Кірбі. Пра гэта паведамляе агенцтва France-Presse.

Кірбі дадаў, што быў нанесены «значны» урон і назваў прычынай «выбух». Аднак ён быў асьцярожны, каб падкрэсьліць, што Вашынгтон усё яшчэ расьсьледуе інцыдэнт, перш чым зрабіць канчатковыя высновы.

«Мы працягваем зьбіраць інфармацыю і кантактаваць з украінцамі», – сказаў прэс-сакратар.

Адказваючы на пытаньне, ці можна лічыць атаку на плаціну ваенным злачынствам, Кірбі сказаў, што «цалкам ясна, што наўмыснае разбурэньне грамадзянскай інфраструктуры не дапускаецца законамі ваеннага часу».

Украінскія ўлады, якія кантралююць вышэйшы, правы бераг Дняпра ў Херсонскай вобласьці, пакуль не паведамляюць пра ахвяры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады Ўкраіны: расейскія войскі падарвалі дамбу акупаванай Кахоўскай ГЭС. ФОТА і ВІДЭА

Тым часам, тэлеканал NBC News са спасылкай на двух амэрыканскіх афіцыйных асоб паведаміў, што ўрад ЗША мае дадзеныя выведкі пра тое, што Расея нясе адказнасьць за разбурэньне плаціны Кахоўскай ГЭС.

Адміністрацыя прэзыдэнта Джо Байдэна працуе над рассакрэчваньнем некаторых дадзеных выведкі і іх распаўсюджваньнем ужо ў аўторак днём, паведамляе «Голас Амэрыкі» са спасылкай на NBC News.

Сёньня прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі заявіў, што Ўкраіна ў сувязі з падрывам плаціны Кахоўскай ГЭС ініцыюе паседжаньне Рады бясьпекі ААН, а таксама будзе зьвяртацца ў Міжнародны крымінальны суд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна склікае Раду бясьпекі ААН і зьвернецца ў Міжнародны крымінальны суд па справе аб падрыве Кахоўскай ГЭС, — Зяленскі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіеў: падрыў дамбы Кахоўскай ГЭС стварае дадатковыя пагрозы для бясьпекі акупаванай Расеяй Запароскай АЭС

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.