Кіраўнік выведкі Ўкраіны заявіў, што Кіеў камунікаваў з Лукашэнкам праз дэпутата Рады Шаўчэнку. З дапамогай Мікалая Лукашэнкі?

Яўген Шаўчэнка і Аляксандар Лукашэнка, красавік 2021 году

Кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў заявіў, што Кіеў камунікаваў з афіцыйным Менскам з дапамогай украінскага дэпутата.

Кіраўнік украінскай выведкі сказаў, што камунікацыя з Лукашэнкам ідзе па розных каналах, але асабліва адзначыў ролю дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны Яўгена Шаўчэнкі.

Заява прагучала ў інтэрвію ўкраінскаму ютуб-каналу «Розныя людзі».

Буданаў таксама выказаў сумнеў, што з тэрыторыі Беларусі цяпер магчымы напад на Ўкраіну. Ён сказаў, што «Лукашэнка не ідыёт» і вынес урокі з ранейшага, а таксама спаслаўся на тое, што зь Беларусі ўжо вывезеныя практычна ўсе боепрыпасы, выкарыстоўваюцца толькі палігоны.

Словы Буданава пацьвярджаюцца заявай самога Лукашэнкі, які ў сакавіку 2022 году сказаў, што пагутарыць з Уладзімірам Зяленскім яго прасіў менавіта дэпутат Яўген Шаўчэнка.

Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што зьвязаў зь ім Шаўчэнку ягоны малодшы сын Мікалай: «Вялікую ролю ва ўсталяваньні кантактаў зь Зяленскім, а, на маё зьдзіўленьне, нам прыйшлося для пачатку зьвязвацца па мабільнай сувязі, згуляў вядомы ўсім нам Яўген Шаўчэнка. Ён цэлую ноч тарпэдаваў усіх маіх памагатых, Службу бясьпекі. Калі яму сказалі: «Ну колькі можна, хопіць, прэзыдэнт з табой пяць разоў размаўляў», — ён выйшаў на майго меншага сына праз тэлефон. Аказваецца, калісьці яны — на Прыпяці мы былі, запускалі калійны камбінат — абмяняліся тэлефонамі. Ён і яго знайшоў ноччу», — цытавала Лукашэнку БЕЛТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскі вайсковы кантынгент у Беларусі налічвае каля 2,8 тысяч чалавек, — камандуючы ўкраінскімі войскамі

Яўген Шаўчэнка ў камэнтары сайту Страна.ua пацьвердзіў, што разам з Буданавым арганізаваў размову паміж Аляксандрам Лукашэнкам і прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у першыя дні вайны, дзякуючы чаму адбыліся перамовы ўкраінскай і расейскай дэлегацый.

«Расейцы паслалі сваю дэлегацыю ў Беларусь пад Гомель, Зяленскі сказаў, што ён не пашле людзей на перамовы ў краіну, зь якой ляцяць ракеты і заходзяць войскі. Расейская дэлегацыя ўжо зьбіралася зьяжджаць, і ў той момант мы з Буданавым падключыліся. Я ўжо разумеў псыхалёгію прэзыдэнта Зяленскага, што ён ня будзе тэлефанаваць Лукашэнку, таму што напалі на Ўкраіну. Мая задача была зрабіць так, каб Лукашэнка сам патэлефанаваў Зяленскаму і даў гарантыі бясьпекі нашай групы, што зь імі нічога ня здарыцца. Толькі тады яны паехалі», — расказаў Шаўчэнка.

Па ягоных словах, для Лукашэнкі гэтая вайна была шокам.

«Ён сказаў мне, што ўсё можна вырашыць і трэба тэрмінова ісьці на перамовы. Гэта было ўсё вельмі бязладна, таму ўсе дэталі я ня памятаю. Перамовы ў Беларусі дапамаглі выйграць час, нам патрэбная была гэтая паўза. Зь першага дня вайны ГУВ (Галоўная ўправа выведкі. — РС) старалася трымаць паўночную мяжу краіны, каб разам з расейскімі не пайшлі беларускія войскі. Буданаву сьціпласьць не дазволіць гэта сказаць, але я магу заявіць аб тым, што першы ўдар пад Кіевам на сябе прыняў менавіта спэцназ ГУВ», — заявіў Шаўчэнка.

На пытаньне журналістаў, ці мае ён цяпер зносіны з Лукашэнкам, Шаўчэнка адказаў: «Без камэнтароў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Далучыўся да агрэсара, бо не было іншага выйсьця». Пра які канец вайны марыць Лукашэнка

Хто такі Яўген Шаўчэнка

Яўген Шаўчэнка першым падтрымаў Аляксандра Лукашэнку на выбарах прэзыдэнта Беларусі 2020 году і павіншаваў яго зь перамогай на наступны дзень, 10 жніўня. У сваім віншаваньні ён падзякаваў Лукашэнку за «душэўнае стаўленьне» да Ўкраіны.

Яшчэ праз 10 дзён пасьля выбараў, калі ў Беларусі адбыліся масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў, а супраць іхных удзельнікаў пачалі выкарыстоўваць сілу і спэцыяльныя сродкі, заклікаў беларусаў прабачыць «бацьку» ягоныя грахі і злачынствы.

У лютым 2021-га Яўген Шаўчэнка браў удзел ва «ўсебеларускім народным сходзе», а 20 красавіка прыехаў у Менск на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам.

23 траўня 2021 году, калі стала вядома аб пасадцы самалёта ў Менску, Яўген Шаўчэнка напісаў у сваім тэлеграм-канале: «У Менску затрымалі стваральнікаў NEXTA. Вось гэта дзяржаўнасьць!». Гэта адбылося за дзень да выключэньня Яўгена Шаўчэнкі з праўладнай фракцыі «Слуга народу».

Менавіта з падачы Яўгена Шаўчэнкі Юры Васкрасенскі, былы сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, 7 кастрычніка 2021 году ў Кіеве сустрэўся з кіраўніком фракцыі «Слуга народу» Давідам Арахамія. Пры другой спробе ўехаць ва Ўкраіну ў канцы кастрычніка Юрыю Васкрасенскаму забаранілі ўезд на ўкраінскую тэрыторыю. Ён тады заявіў, што яго нібыта запрасілі ў Кіеў на перамовы аб пастаўках беларускай электраэнэргіі ва Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскага дэпутата, які сустракаўся з Лукашэнкам і падтрымаў захоп Пратасевіча, выключылі з праўладнай фракцыі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка сустракаецца з украінскім дэпутатам Шаўчэнкам. Хто гэта і ці мае ён уплыў на ўхваленьне рашэньняў?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Выканаўца абавязкаў камандзіра ўкраінскай брыгады «Азоў» прапанаваў ваенную апэрацыю Ўкраіны ў Беларусі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.