Сустрэча міністраў замежных спраў краін G7 у Японіі, 16 красавіка 2023
Міністры замежных спраў краін G7 паўтарылі свой заклік да трэціх бакоў спыніць сваю дапамогу Расеі ў вайне з Украінай ў выніковым камюніке сустрэчы кіраўнікоў МЗС у Японіі.
Міністры замежных спраў краін групы «Вялікай сямёркі» (G7) заявілі аб непрымальнасьці безадказнай ядзернай рыторыкі Расеі.
«Безадказная ядзерная рыторыка Расеі і яе пагроза разьмясьціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі непрымальныя. Любое выкарыстаньне Расеяй хімічнай, біялягічнай або ядзернай зброі будзе мець цяжкія наступствы. Мы нагадваем пра важнасьць 77-гадовага рэкорду непрымяненьня ядзернай зброі з 1945 году», — адзначаецца ў апублікаваным 18 красавіка камюніке, ухваленым па выніках сустрэчы ў Японіі.
Кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў краін G7 асудзілі захоп Расеяй і мілітарызацыю Запароскай атамнай электрастанцыі. Паводле іх, гэта можа прывесьці да патэнцыйна цяжкіх наступстваў для ядзернай бясьпекі.
«Мы падтрымліваем намаганьні Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ) у садзейнічаньні ўмацаваньню ядзернай бясьпекі ва Ўкраіне. ... Мы па-ранейшаму прыхільныя ўзмацненьню санкцый супраць Расеі, каардынацыі і поўнага іх выкананьня», — адзначаецца ў дакумэнце.
Міністры замежных спраў краін G7 паўтарылі свой заклік да трэціх бакоў спыніць сваю дапамогу Расеі ў вайне з Украінай.
«Мы ўзмоцнім нашу каардынацыю для папярэджаньня і рэагаваньня на пастаўкі зброі трэцімі краінамі ў Расею і працягнем прымаць меры супраць тых, хто матэрыяльна падтрымлівае вайну Расеі супраць Украіны», — падкрэсьліваецца ў дакумэнце.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дало вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. Цяпер на беларускіх вайсковых палігонах да ўдзелу ў вайне на тэрыторыі Ўкраіны рыхтуюцца мабілізаваныя грамадзяне Расеі.