Выпрабаваньне гіпэргукавой ракеты «Кінжал» на поўдні Расеі, 11 сакавіка 2018 году. Ілюстрацыйнае фота
Рэшткі ракеты знайшлі ў полі 14 красавіка 2022 году і ў часе расьсьледаваньня выявілі, што яе выпусьцілі з тэрыторыі Беларусі каля 23 гадзіны 4 красавіка таго ж году.
Сьледчы аддзел упраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны ў Чаркаскай вобласьці расьсьледуе крымінальную справу паводле факту фінансаваньня дзеяньняў, учыненых для гвалтоўнай зьмены ці зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу або захопу ўлады і зьмены дзяржаўных межаў.
Гэта стала вядома з апублікаванай у Дзяржаўным рэестры судовых рашэньняў пастановы суду, згодна зь якой тэрміны расьсьледаваньня справы прадоўжаныя да 14 кастрычніка 2023 году.
У справе зьбіраюць матэрыялы, якія датычаць абстрэлу тэрыторыі, што належыць вёсцы Цяцераўка Уманскага раёну Чаркаскай вобласьці.
Адзначаецца, што ад гэтай ракеты, якая прызямлілася ў полі, ніхто не пацярпеў.
У часе расьсьледаваньня дапыталі кіраўніцтва мясцовай тэрытарыяльнай грамады, а таксама сьведак — супрацоўнікаў мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства і жыхароў вёскі.
Цяпер сьледчыя чакаюць адказаў на свае запыты з Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны, Апэратыўнага камандаваньня «Поўнач», камандаваньня Паветраных сіл, якія маюць дапамагчы вызначыць вінаватую асобу і ўручыць ёй падазрэньне ў ваенным злачынстве.
Украінскія праваабаронцы зьбіраюць дэталёвыя доказы па ўсіх расейскіх абстрэлах па кожнай асобнай вобласьці. У сабранай юрыстамі Ўкраінскай Хэльсынскай групы справаздачы пра абстрэлы Чаркаскай вобласьці гэтага факту пакуль няма.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
На пачатку поўнамаштабных ваенных дзеяньняў украінскія гарады абстрэльвалі і з тэрыторыі Беларусі. Апошні ракетны абстрэл зь беларускай тэрыторыі адбыўся 17 жніўня, але ў кастрычніку зь Беларусі запускалі бесьпілётнікі, якія цэлілі па энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны.