Расейцы навучаюцца на беларускім палігоне Обуз-Лясноўскі пад двума сьцягамі. Студзень 2023
Расея нясе вялікія страты вайсковай тэхнікі, але спрабуе атачыць Аўдзееўку ў Данецкай вобласьці.
У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што расейскія войскі сканцэнтраваліся на спробе атачыць горад Аўдзееўку ў Данецкай вобласьці, аднак яны дасягнулі невялікага прагрэсу за кошт вялікіх стратаў у бранятэхніцы.
«10-ы танкавы полк Расеі, падобна, страціў значную частку сваіх танкаў пры спробе акружыць Аўдзееўку з поўдня. Полк уваходзіць у склад 3-га армейскага корпусу, першага буйнога новага фармаваньня, якое Расея стварыла ў жніўні 2022 году для ўдзелу ў вайне ва Ўкраіне», — адзначае брытанская выведка.
Паводле брытанскіх выведнікаў, у новым фармаваньні найбольш праблем з дрэннай дысцыплінай і нізкім маральным духам. «Нягледзячы на пэрыяд навучаньня ў Беларусі, фармаваньне (3-і армейскі корпус. — РС) усё яшчэ дэманструе абмежаваную баяздольнасьць», — мяркуюць выведнікі.
«Страты 10-га танкавага палка, пэўна, у значнай ступені абумоўленыя тактычна памылковымі франтальнымі наступамі, падобнымі да тых, што былі ў іншых нядаўніх няўдалых расейскіх танкавых атаках, напрыклад вакол горада Вуглядар», — перакананыя ў вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дало вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
З кастрычніка 2022 году Расея выкарыстоўвае беларускія палігоны і інструктараў Беларусі для падрыхтоўкі расейскіх мабілізаваных для ўдзелу ў вайне з Украінай.
Нядаўна брытанская выведка ацаніла факт падрыхтоўкі расейцаў на тэрыторыі Беларусі як сьведчаньне таго, наколькі «спэцыяльная ваенная апэрацыя» падарвала сыстэму падрыхтоўкі расейскіх вайскоўцаў, бо інструктары ў асноўным ваявалі ва Ўкраіне.