Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: На палігонах пад Асіповічамі і Баранавічамі актыўна трэнуюць расейскіх мабілізаваных


Расейскія вайскоўцы ў Беларусі
Расейскія вайскоўцы ў Беларусі

Як стала вядома «Нашай ніве», беларускія інструктары рыхтуюць расейскіх мабілізаваных да вайны ва Ўкраіне.

Як паведамілі суразмоўцы газэты, палігон «Асіповіцкі», разьмешчаны непадалёк ад гораду Асіповічы Магілёўскай вобласьці, «пад край забіты расейцамі».

Адзначаецца, што прыбываць расейцы туды пачалі яшчэ да таго, як было афіцыйна абвешчана аб фармаваньні «сумеснай групоўкі войскаў».

На гэтым палігоне вядзецца падрыхтоўка артылерыстаў.

Іншыя суразмоўцы «Нашай нівы» адзначаюць, што 230-ы агульнавайсковы палігон каля вёскі Дзераўная пад Баранавічамі таксама повен расейцаў.

Яны вучацца там страляць з розных відаў зброі.

Мясцовыя жыхары абазначаюць колькасьць разьмешчаных расейцаў як «да пары тысяч».

Аляксандар Лукашэнка анансаваў, што ў Беларусь прыбудуць 9 тысяч расейскіх салдат. Гэтую лічбу немагчыма незалежна праверыць.

Людзі на месцах адзначаюць, што беларускай камэндатуры і ўнутраным войскам не ўдаецца цалкам кантраляваць вялікую колькасьць расейцаў, і ў іх ужо ўзьнікалі канфлікты зь мясцовым насельніцтвам пад Баранавічамі.

«Адзіныя, хто задаволены ад такога суседзтва, — дырэктары прадуктовых крамаў», — кажуць суразмоўцы выданьня.

Таксама пэўная колькасьць расейцаў разьмяшчаецца ў раёне аэрадрому «Зябраўка» пад Гомлем, паведамляюць мясцовыя жыхары. Але гэта, імаверна, не мабілізаваныя, а кадравыя вайскоўцы. «Зябраўку» расейцы выкарыстоўвалі як базу для ўварваньня на першым этапе вайны.

«Паводле маёй інфармацыі, ідзе падрыхтоўка для прыняцьця расейскіх мабілізаваных на беларускіх палігонах, вучэбных цэнтрах і вайсковых частках. У нас ёсьць і месцы для трэніровак, і інструктары. Магчыма, Расея патрабуе ад Лукашэнкі, каб навучаньне часткі мабілізаваных расейскіх вайскоўцаў праходзіла ў Беларусі і праводзілі яго беларускія сілавікі», — выказаў меркаваньне суразмоўца «Нашай нівы» зь ліку дзейных афіцэраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG