Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Радзіма цябе кіне, сынок. Заўсёды». Як уцякалі ад мабілізацыі раней і як уцякаюць цяпер


Сёньня яны, натхнёныя і апантаныя ідэяй абароны радзімы, атрымаўшы позву з ваенкамата, ідуць змагацца з «украінскімі нацыстамі», а заўтра выявіцца, што насамрэч удзельнічалі ў ганебнай захопніцкай вайне, былі памагатымі ў злачынстве, якое асудзіў увесь сьвет.

І дапамагалі ўтрымацца пры ўладзе двум дыктатарам, адзін зь якіх коштам чужых жыцьцяў марыў увайсьці ў гісторыю як аднаўляльнік імпэрыі, а другі проста паталягічна баяўся страціць прэзыдэнцкую пасаду, якую даўно лічыць сваёй уласнасьцю. І высьветліцца ўсё гэта ўжо вельмі хутка: дастаткова перачакаць, пакуль крывавае кола вайны зробіць свой апошні паварот.

Адны — тыя, хто пазьбег сёньняшняй мабілізацыі — убачаць гэта неўзабаве на ўласныя вочы. Другія — хто добраахвотна ці пад прымусам возьмуць у рукі зброю і пойдуць на вайну — самі трапяць пад гэта бессэнсоўнае і бязьлітаснае крывавае кола. У нядаўняй і далёкай гісторыі так здаралася шмат разоў.

Чакалі чэргаў ля ваенкаматаў

Тыя, хто лічаць, што да 24 лютага 2022 года ў Крамлі ня думалі пра мабілізацыю, памыляюцца. Думалі. Гэтак жа, як верылі ў непераможнасьць сваёй «другой арміі ў сьвеце». У Маскве былі перакананыя, што падначаленае насельніцтва, калі закліча ўлада, тут жа паслухмяна выстраіцца ў чэргі да ваенкаматаў. У якасьці доказу нагадаю не такі ўжо даўні эпізод. Першага сьнежня 2021 года старшыня Савета Фэдэрацыі РФ Валянціна Мацьвіенка падчас «урадавай гадзіны» нібыта выпадкова згадвае жарт: маўляў, чаму, адрозна ад іншых краін, калі надыходзіць цяжкая ваенная часіна, у Расеі няма ўцекачоў?

Валянціна Мацьвіенка, зьлева Дзьмітры Мядзьведзеў
Валянціна Мацьвіенка, зьлева Дзьмітры Мядзьведзеў

Правільны «патрыятычны» адказ: бо расейцы ў такіх выпадках нібыта адразу бягуць не за мяжу, а ўсе пагалоўна — у ваенкаматы. Мацьвіенка параіла Захаду тады, за два месяцы да пачатку вайны, «мець гэта на ўвазе».

Куды ж пабеглі расейцы, калі гэта «цяжкая часіна» настала і ўлады пачалі масава рассылаць позвы вайсковаабавязаным? Вялізныя, шматкілямэтровыя чэргі мы ўбачылі зусім не ля варот ваенкаматаў, а на памежных пераходах — на расейска-грузінскай, расейска-казахстанскай і нават на расейска-мангольскай мяжы. Ад прымусовай мабілізацыі кінуліся наўцёкі сотні тысяч расейскіх мужчын.

Пратэст супраць мабілізацыі ў Махачкале. 21 верасьня 2022
Пратэст супраць мабілізацыі ў Махачкале. 21 верасьня 2022

Увогуле, уся расейская мабілізацыйная машына выявілася архаічнай, бездапаможнай, а ў шэрагу выпадкаў і сьмешнай. Усе ўбачылі, як нарады супрацоўнікаў камісарыятаў і паліцыянтаў падпільноўваюць патэнцыйных рэкрутаў, каб прымусова ўручыць позвы, у пад’ездах шматкватэрных дамоў, ля ўваходаў у мэтро і на вакзалах; як на вайну забіраюць хворых, пажылых і нават інвалідаў; як многія мабілізаваныя не пасьпяваюць нават даехаць да Ўкраіны з прычыны ці то беспрабуднага п’янства, ці то калецтва ў выніку страляніны і панажоўшчыны між сваімі ж «братамі па зброі».

Валянціне Мацьвіенцы і іншым крамлёўскім небажыхарам рэчаіснасьць у адказ на іхныя ідэалістычныя чаканьні падрыхтавала злы жарт. Яны ж, выхаваныя на ідылічных сэнтымэнтальных карцінках з патрыятычных савецкіх фільмаў кшталту «Ляцяць жураўлі», былі пэўныя, што ўсё будзе, як у сталінскім маршы Лебедзева-Кумача:

Если завтра война, если враг нападет

Если темная сила нагрянет, —

Как один человек, весь советский народ

За любимую Родину встанет.

150 000 расстраляных савецкіх дэзэртыраў

Што адметна: сталінскія мабілізацыі часоў Другой сусьветнай вайны таксама адбываліся зусім ня так, як у старых савецкіх фільмах, дзе рэзэрвіст, пачуўшы з чорнай «талеркі»-рэпрадуктара зварот наркама Молатава, убачыўшы грозны плякат «Ты записался добровольцем?», тут жа складвае рэчмяшок, абнімае заплаканую жонку і цьвёрдым крокам шыбуе ў ваенкамат. У якім яму неадкладна ўручаюць новенькую вінтоўку, і ён у страі пад марш «Разьвітаньне славянкі» маршыруе на фронт.

Добраахвотна змагацца і паміраць за сталінскі рэжым былі гатовыя далёка ня ўсе. Асабліва гэта датычыла тых, хто да вайны тым ці іншым чынам пацярпеў ад палітычных рэпрэсіяў і ў каго былі ўласныя рахункі да чырвоных камісараў.

Паводле афіцыйных зьвестак, якія сталі вядомыя падчас гарбачоўскай перабудовы, толькі за пэрыяд з 22 чэрвеня да канца 1941 года карныя органы НКВД затрымалі больш за 700 тысяч дэзэртыраў і каля 70 тысяч «ухілістаў» ад прызыву. Усяго, як адзначаюць некаторыя расейскія дасьледчыкі, за гады вайны з Чырвонай арміі дэзэртавалі больш за паўтара мільёна чалавек, і яшчэ 2,5 мільёна былі залічаныя як ухілісты ад выкананьня вайсковай службы.

Расстрэл дэзэрціра ў СССР
Расстрэл дэзэрціра ў СССР

Пры гэтым асуджана за дэзэртырства за чатыры гады вайны больш за мільён чалавек. Што гэта было за пакараньне? Фармальна дэзэртыраў дазвалялася расстрэльваць. Але калі кожнага, хто ўцякаў ад службы, расстрэльваць, хто ж застанецца на перадавой? Таму спэцыяльныя сталінскія камісары, якія займаліся расьсьледаваньнем падобных выпадкаў, найчасьцей паступалі «рацыянальна»: расстрэльвалі на месцы прыблізна кожнага дзясятага злоўленага на ўцёках ці ўхіленьні (за час вайны такіх расстраляных паводле рашэньняў ваенна-палявых судоў назьбіралася вялізная армія: 150 000 чалавек).

Батальён дэзэрціраў у СССР
Батальён дэзэрціраў у СССР

Рэшту ж накіроўвалі ў «штрафбаты» і кідалі на перадавую. У рэальнасьці ў большасьці выпадкаў гэта таксама азначала сьмерць, але некаторыя шчасьліўчыкі ўсё ж выжылі.

Паляваньне на рэкрутаў

У заходнебеларускіх вёсках стаўленьне да ўсіх мабілізацый, якія ў 1939–1945 гадах праводзіліся ня раз (і пад рознымі сьцягамі) было насьцярожаным і крытычным. Да гэтага схілялі і ўласны жыцьцёвы досьвед, і векавая традыцыя продкаў, заснаваная на шматкроць перажытых гістарычных драмах. Калі ў людзей на працягу пяці гадоў тройчы мяняецца грамадзянства; калі ты, не пакідаючы роднай вёскі, за гэты ж час апынаесься ў трох розных дзяржавах, кожная зь якіх абвяшчае пра твой «сьвяшчэнны абавязак» бараніць яе са зброяй у руках, па-іншаму, відаць, і быць не магло.

Савецкая армія ўваходзіць у Вільню, якая была часткай Польшчы, 19 верасьня 1939 году
Савецкая армія ўваходзіць у Вільню, якая была часткай Польшчы, 19 верасьня 1939 году

Калі 1 верасьня 1939-га польская дзяржава абвесьціла пра «ўсеагульную мабілізацыю», у маёй лясной вёсачцы ў Віленскім ваяводзтве на прызыўны пункт у гміну пасьпяшаліся ня ўсе. Палова з тых, хто пасьпяшаліся, дахаты не вярнуліся. Тыя, хто позвы праігнараваў, а ад вайсковай паліцыі хаваўся ў адмыслова змайстраванай у лесе зямлянцы, праз два тыдні вярнуліся дахаты, а яшчэ празь месяц без усялякай на тое ўласнай згоды сталі грамадзянамі іншай дзяржавы. І пра іхныя «ўхіленьні» больш ніхто не ўспамінаў.

Сумесны парад Вермахта і Чырвонай арміі ў Берасьці 22 верасня 1939 году пасьля ўварваньня на тэрыторыю Польшчы войскаў Германіі і СССР. На трыбуне (зьлева направа): генэрал-лейтэнант Морыц фон Віктарын, генэрал танкавых войскаў Гейнц Гудэрыян і савецкі камбрыг Сямён Крывашэін
Сумесны парад Вермахта і Чырвонай арміі ў Берасьці 22 верасня 1939 году пасьля ўварваньня на тэрыторыю Польшчы войскаў Германіі і СССР. На трыбуне (зьлева направа): генэрал-лейтэнант Морыц фон Віктарын, генэрал танкавых войскаў Гейнц Гудэрыян і савецкі камбрыг Сямён Крывашэін

У чэрвені 1941-га наш Лідзкі ваенкамат сам ледзь пасьпеў уцячы на ўсход, якая ўжо там мабілізацыя. Але змайстраваная ў лесе зямлянка не пуставала. Справа ў тым, што на маладых вясковых мужчын палявалі разнастайныя новыя рэкрутэры. Адны цягнулі на службу ў мясцовую акупацыйную калябаранцкую паліцыю. Другія рознымі спосабамі імкнуліся завабіць у Армію Краёву — польскую партызанку. Трэція палявалі на маладых мужыкоў, каб зрабіць іх савецкімі партызанамі. Што адметна, усе рэкрутэры апэлявалі да патрыятычных пачуцьцяў і неабходнасьці бараніць Айчыну ад ворагаў (што праўда, ворагі ва ўсіх былі рознымі). Нехта станавіўся чырвоным партызанам, нехта далучаўся да АК, кагосьці завабілі ці змусілі да службы ў паліцыі. Ва ўсіх іх лёсы склаліся пераважна драматычна: адзін загінуў, другі ўцёк, трэці бясьсьледна зьнік... Ацалелі пераважна тыя, хто выбраў ужо знаёмую нам лясную зямлянку.

Тры дзядзькі. Тры лёсы

Потым надышло лета 1944-га. «Хапуны» з савецкіх ваенкаматаў зьявіліся ўжо празь некалькі дзён пасьля адыходу немцаў і прыходу «другіх саветаў». У вёсцы на той час заставалася трое маладых мужчын прызыўнога ўзросту. Перад тым, як забраць у войска, належала вызначыць іх нацыянальную прыналежнасьць: некалькі пытаньняў пры рэкрутацыі датычыліся роднай мовы, нацыянальнасьці і веравызнаньня. Першы з хлопцаў, Віктар, назваўся беларусам, сказаў, што размаўляе «па-просту» — і яго тут жа забралі ў савецкую пяхоту. Другі, Юзік, цікавіўся палітыкай, слухаў радыё, да вайны скончыў пачатковую польскую школу. Ведаў, што, калі трапіць не ў Чырвоную армію, а ў Польскае войска, дык шанцаў ацалець значна болей. Таму з «хапунамі» размаўляў выключна па-польску, запісаўся палякам. І такі дамогся, каб яго перадалі рэкрутэрам з Польскага войска. А трэці, таксама Юзік, ніякіх «хапуноў» чакаць ня стаў, адразу падаўся ў лясную зямлянку. Яго падпільноўвалі, аднаго разу нават прыяжджалі ўначы.

— Дзе Юзік?

— А хто яго ведае, недзе ў пушчы: дровы нарыхтоўвае, сена косіць... Да зімы наўрад ці вернецца.

Потым фронт адкаціўся на захад — і ўпаўнаважаныя з ваенкамату прыяжджаць перасталі. А Юзік — жывы і здаровы — перад халадамі вярнуўся ў сям’ю.

Віктар вярнуўся дахаты ўвесну 1945-га. З двума савецкімі ордэнамі. Кульгавы, без аднаго вока і зь перабітай сківіцай, праз што да канца жыцьця цяжка было зразумець ягонае невыразнае маўленьне. Пра вайну ўспамінаць не любіў. А калі ўспамінаў, то расказваў, як іх, неабстраляных навабранцаў з вызваленых раёнаў, адразу ж знарок кінулі ў самае пекла, калі фарсавалі Віслу. Савецкія палкаводцы «жукаўскай» школы заўсёды вылучаліся грэблівым стаўленьнем да вартасьці салдацкага жыцьця. Бязмоўнай салдацкай масай кампэнсавалі і дэфіцыт сучаснай зброі, і ўласныя ваеначальніцкія пралікі. І дзядзька Віктар мала што памятаў з таго свайго першага бою, паколькі адразу ж атрымаў цяжкое раненьне і трапіў у шпіталь.

Другі Юзік, які трапіў у Польскае войска, да фронту так і не дабраўся. Як зусім маладога і неспрактыкаванага, яго паслалі ў тылавыя часткі на навучаньне. А там неўзабаве і вайна скончылася. У родную вёску, якая засталася на савецкім баку мяжы, Юзік пасьля вайны больш не вярнуўся.

Проста выжыць

Усе гэтыя гісторыі ў вёсцы выдатна ведалі. І я ніколі ня чуў, каб каго-небудзь з гэтых трох мужчын асуджалі за ягоны выбар. І тую лясную зямлянку, дзе мужыкі хаваліся ад мабілізацыі, уладам ніхто і ніколі ня выдаў. Чаму? Бо людзі думалі найперш не пра тое, якім вялікім і магутным выйдзе з вайны сталінскі Савецкі Саюз, а пра долю блізкіх людзей і ўласных сем’яў. Шматвекавая народная мудрасьць прымушала задаваць сабе пытаньні не пра патрыятызм, а зусім іншага кшталту: хто будзе гадаваць тваіх дзяцей, калі бацька загіне на фронце? З кім будуць дажываць свой век састарэлыя бацькі, калі ня вернецца сын? Драматычныя лёсы самотных удоў і маці, паўгалодных сірот, кінутых дзяржавай інвалідаў на працягу доўгіх пасьляваенных дзесяцігодзьдзяў ва ўсіх былі перад вачыма, паказваючы сапраўдны кошт усіх псэўдапатрыятычных лёзунгаў пра «сьвяшчэнны абавязак» і «радзіму, якая памятае сваіх герояў».

Пасьля вайны зайздросьцілі ня тым сем’ям, дзе гаспадар «паў сьмерцю храбрых» альбо вярнуўся з вайны калекам. А тым, дзе проста быў жывы бацька, які здабываў для сям’і хлеб, гадаваў дзяцей, будаваў хату, трымаў на сабе гаспадарку. Незалежна ад таго, якім чынам ён уратаваўся ад вайны. Нават калі гэта было зроблена з дапамогай лясной зямлянкі, калектыўнай маральлю гэта зусім не асуджалася, хутчэй наадварот. Тым больш што камуністычны савецкі рэжым, які прыходзіў на зьмену фашысцкаму, яшчэ доўга ў нашых мясьцінах не ўспрымаўся як свой. Усе памяталі досьвед 1939–1941 гадоў і ведалі, ад чаго і як ён «вызваляе» вясковага гаспадара і якую ‘"свабоду" з сабой нясе.

...У гэтыя дні зноў і зноў згадваецца фраза вядомага ваеннага журналіста Аркадзя Бабчанкі, якая на тле крывавых пуцінскіх войнаў стала ледзь не галоўным расейскім мэмам: «Радзіма цябе кіне, сынок. Заўсёды». Словы сказаны пра пуцінскую Расею, пра будучыню салдата-прызыўніка, якога кінулі ў полымя бессэнсоўнай чачэнскай вайны. Але гэтыя словы цалкам дапасуюцца і да сёньняшняй лукашэнкаўскай Беларусі, у якой рэальная мабілізацыя пакуль што нібыта не пачалася, але падрыхтоўка да яе ва ўсіх навідавоку: вайна на парозе. Як дапасуюцца гэтыя словы і да любога таталітарнага рэжыму, дзе жыцьцё чалавека — нішто ў параўнаньні з інтарэсамі славалюбівага дыктатара, адзіная мэта якога — захаваньне сваёй аднаасобнай улады. Любой цаной.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG