Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская выведка заявіла, што Расея перакінула на тэрыторыю Беларусі 3200 сваіх салдатаў. Гэта значана меней, чым казалі ў Менску


Расейскія вайскоўцы, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў, прыбылі ў Беларусь. 20 кастрычніка 2022
Расейскія вайскоўцы, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў, прыбылі ў Беларусь. 20 кастрычніка 2022

Кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Кірыла Буданаў заявіў, што Расея перакінула на тэрыторыю Беларусі каля 3200 сваіх мабілізаваных.

«Расейцы цяпер перакідваюць туды пэўную колькасьць падразьдзяленьняў. Але тое, што яны заяўляюць, і тое, што яны перакідваюць фактычна, — гэта абсалютна розныя рэчы. Пакуль што няма ніякіх прыкмет стварэньня якога-небудзь фармату ўдарных груповак. На гэты момант расейцы завезьлі туды каля 3200 асобаў», — сказаў Кірыла Буданаў у інтэрвію ўкраінскаму выданьню «Українська правда».

Мінабароны Беларусі заяўляла, што расейскіх салдатаў прыбудзе каля 9 тысяч.

У той жа час кіраўнік украінскай выведкі падкрэсьліў, што патэнцыйна пагроза зь Беларусі застаецца. Пры гэтым Кірыла Буданаў зьвярнуў увагу на тое, што Расея перакідвае ў Беларусь толькі жывую сілу, бязь цяжкай тэхнікі.

«Яны бязь цяжкай тэхнікі. Наадварот, Беларусь усю сваю тэхніку з базаў доўгатэрміновага захоўваньня адпраўляе ў Расею. То бок фізычна чым яны з намі будуць зараз ваяваць? Я не разумею. І таксама не разумеюць яны», — адзначыў Кірыла Буданаў.

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што адсочвае праверку мабілізацыйных рэсурсаў.

«Пры мясцовых органах выканаўчай улады створаны спэцыяльныя групы для праверкі і ўдакладненьня інфармацыі аб патэнцыйных „прызыўніках“. Ідзе ўдакладненьне роду дзейнасьці мужчын прызыўнога ўзросту, вайскова-ўліковых спэцыяльнасьцяў і сямейнага становішча», — адзначыў сьпікер украінскага Генштабу Аляксандар Штупун.

Паводле яго, з тэрыторыі Беларусі застаецца пагроза ракетных і авіяцыйных удараў, уключна з выкарыстаньнем бесьпілётнікаў іранскага паходжаньня.

Раней чытачы Свабоды паведамілі, што ў Беларусі тым, хто служыў у спэцназе і выведцы, прыходзяць позвы на вайсковыя зборы. У Аб’яднаным пераходным кабінэце гэта назвалі «схаванай мабілізацыяй».

У той жа час Аляксандар Лукашэнка, знаходзячыся 21 кастрычніка на агульнавайсковым палігоне Обуз-Лясноўскі ў Берасьцейскай вобласьці заявіў, што мабілізацыя ў Беларусі не адбываецца, вайна краіне не патрэбная.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG