Вайсковы лягер на беларускім палігоне «Обуз-Лясноўскі». 6 студзеня 2023
Той факт, што Расея навучае сваіх мабілізаваных пад кіраўніцтвам значна менш дасьведчанай беларускай арміі, сьведчыць аб тым, наколькі «спэцыяльная ваенная апэрацыя» падарвала сыстэму падрыхтоўкі расейскіх вайскоўцаў, бо інструктары, у асноўным, ваявалі ва Ўкраіне.
У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што Расея перадысьлякавала зь беларускага палігону «Обуз-Лясноўскі» ня менш за 1000 сваіх вайскоўцаў.
«Нягледзячы на тое, што новай ратацыі войскаў не адзначана, Расея, хутчэй за ўсё, пакінула намётавы лягер на месцы; пэўна, яна разглядае магчымасьць прадоўжыць навучаньне сваіх вайскоўцаў», — адзначылі брытанскія выведнікі.
Паводле іх, той факт, што Расея навучае сваіх мабілізаваных пад кіраўніцтвам значна менш спрактыкаванай беларускай арміі, сьведчыць пра тое, наколькі «спэцыяльная ваенная апэрацыя» падарвала сыстэму падрыхтоўкі расейскіх вайскоўцаў, бо інструктары, у асноўным, ваявалі ва Ўкраіне.
У выведцы Вялікай Брытаніі таксама мяркуюць, што Расея працягвае разглядаць як «важны палітычны сыгнал» ускосную падтрымку Беларусьсю вайны ва Ўкраіне.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дало вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
Нядаўна Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая далучыцца да расейскай агрэсіі ва Ўкраіне ў выпадку ваеннага інцыдэнту на мяжы і ўварваньня ўкраінскіх салдатаў на беларускую тэрыторыю.
20 сакавіка камандуючы Аб’яднаных сіл Узброеных сіл Украіны Сяргей Наеў, які ажыцьцяўляе кіраўніцтва войскам на паўночных межах Украіны, заявіў, што ў Беларусі на вучэньнях знаходзіцца яшчэ больш як 4 тысячы расейскіх мабілізаваных.
З кастрычніка мінулага году Расея разьмясьціла 9 тысяч сваіх вайскоўцаў на падставе рашэньня аб разгортваньні ў Беларусі рэгіянальнай групоўкі войскаў «саюзнай дзяржавы».