Колькасьць забітых расейскіх удзельнікаў вайны ва Ўкраіне праз год пасьля лютаўскага ўварваньня перавысіла афіцыйныя страты Савецкага Саюзу ў вайне ў Афганістане за 9 гадоў. Гэта вынікае з абноўленых дадзеных маніторынгу «Медыязона» і расейскай службы BBC.
Журналістам па адкрытых крыніцах удалося пацьвердзіць гібель у баявых дзеяньнях 15 136 расейцаў, прозьвішчы якіх вядомыя, — гаворка ідзе ня толькі пра вайскоўцаў, але і пра супрацоўнікаў іншых сілавых структур, у тым ліку наймітаў з прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр».
Зьвесткі маніторынгу лічацца далёка ня поўнымі, рэальная колькасьць страт можа быць у разы большая.
Расея і Ўкраіна не паведамляюць афіцыйных дадзеных пра колькасьць сваіх загінулых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У гадавіну нападу Расеі на Ўкраіну праваабаронцы падлічылі, колькі беларусаў пацярпелі за антываенную пазыцыюПаводле ацэнак заходніх спэцслужбаў, страты расейскай арміі забітымі і параненымі могуць дасягнуць 200 тысяч чалавек, зь іх да 60 тысяч могуць лічыцца загінулымі. У лістападзе 2022 году Пэнтагон заявіў, што страты з абодвух бакоў, Расеі і Ўкраіны, прыблізна складаюць па 100 тысяч чалавек.
Паводле вайсковай выведкі Вялікай Брытаніі, з пачатку ўварваньня ва Ўкраіну расейская армія і прыватныя вайсковыя кампаніі разам страцілі на вайне ад 175 да 200 тысяч вайскоўцаў, у тым ліку прыкладна 40–60 тысяч загінулых.
Агульная колькасьць савецкіх салдат, якія загінулі падчас акупацыі Афганістану з 25 сьнежня 1979 году па 15 лютага 1989 году, паводле афіцыйных зьвестак, — 15 051 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сотні тысяч загінулых цывільных і вайскоўцаў, зьнішчаныя школы і тэатры. Лічбы году расейскай вайны ва ЎкраінеУкраінскі бок падлічыў, што Расея страціла на вайне загінулымі і параненымі 145 850 вайскоўцаў, 3350 танкаў, 6593 браняваныя машыны, 2352 артылерыйскія сыстэмы, 244 сродкі супрацьпаветранай абароны, 299 самалётаў, 287 верталётаў, 18 караблёў і катэраў і 2029 бесьпілётнікаў.
Расейскі бок сьцьвярджае, што Ўкраіна страціла 387 самалётаў, 210 верталётаў, 3222 бесьпілётнікі, 405 зэнітных ракетных комплексаў, 7994 танкі і іншыя браняваныя машыны, 1038 баявых машын рэактыўных сыстэм залпавага агню, 4189 сродкаў палявой артылерыі і мінамётаў. Агульныя страты Ўкраіны ў жывой сіле Міністэрства абароны Расеі не паведамляе, але кожны дзень у зводках адзначае, што нібыта «зьнішчыла сотні ўкраінскіх нацыяналістаў і замежных наймітаў».
Замежныя выведкі сьцьвярджаюць, што страты бакоў, хутчэй за ўсё, парытэтныя.
Кіраўнік вайсковага ведамства Генпракуратуры Юрый Белавусаў у інтэрвію The Independent да гадавіны вайны заявіў, што падчас баявых дзеяньняў загінула да 100 тысяч мірных жыхароў Украіны. Афіцыйная ацэнка ААН — каля 8 тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сотні тысяч загінулых цывільных і вайскоўцаў, зьнішчаныя школы і тэатры. Лічбы году расейскай вайны ва ЎкраінеВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.