У гадавіну нападу Расеі на Ўкраіну праваабаронцы падлічылі, колькі беларусаў пацярпелі за антываенную пазыцыю
Антывваенныя надпісы ў Менску, травень 2022
Агулам за праяву антываеннай пазыцыі затрымалі сама меней 1575 беларусаў. Зь іх 56 асудзілі ў крымінальных справах на тэрмін ад 1 да 23 гадоў.
З пачаткам поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну беларусы актыўна праяўляюць антываенную пазыцыю: ладзяць маршы і пікеты, псуюць чыгуначнае абсталяваньне, дапамагаюць у інфармацыйнай вайне, ваююць на баку Ўкраіны. На першую гадавіну нападу праваабарончы цэнтар «Вясна» падлічыў, колькі беларусаў пацярпелі за антываенную пазыцыю.
12 чалавек асудзілі за дывэрсіі на чыгунцы агулам на 191,5 года няволі.
За перадачу фота расейскай вайсковай тэхнікі ў СМІ асудзілі сама меней 31 чалавека.
За жаданьне ваяваць на баку Ўкраіны ў няволі знаходзяцца мінімум 11 чалавек, 8 зь іх асуджаныя.
Ня меней за 20 асобаў зазналі перасьлед за публічнае асуджэньне расейскай агрэсіі і падтрымку Ўкраіны.
За першыя паўтара месяца вайны ў Беларусі за антываенныя акцыі затрымалі больш за 1500 чалавек.
Агулам за праяву антываеннай пазыцыі затрымалі ня менш за 1575 беларусаў і беларусак. Зь іх 56 чалавек асудзілі ў крымінальных справах на тэрміны ад 1 да 23 гадоў.
Затрыманьні і катаваньні за ўдзел у антываенных акцыях
Самыя масавыя антываенныя акцыі па ўсёй краіне прайшлі 27 і 28 лютага 2022 году. За два дні ў Беларусі затрымалі больш за 1100 чалавек.
Удзельнікаў антываенных акцый перасьледвалі за адзеньне і сымболіку жоўта-блакітных колераў, за надпіс «Не — вайне» на адзеньні, за ўскладаньне кветак да ўкраінскай амбасады ў Менску.
Затрыманыя на акцыях зазналі катаваньні з боку сілавікоў. Пратэстоўцаў моцна білі ў РУУСах, адкуль некаторыя траплялі адразу ў лякарні:
«Калі я ляжаў у лякарні, то мне знаёмыя скінулі спасылку на TikTok, дзе ролік са мной сабраў каля 60 тысяч праглядаў. Гэта сагрэла мне душу, і я спадзяваўся, што калі нейкая частка ўкраінцаў паглядзіць гэта відэа, то хоць трошкі зразумее, што сапраўдныя беларусы ніколі ў жыцьці не запусьцілі б у іх ракеты», — расказаў Павал, якога затрымалі на антываеннай акцыі, пабілі ў РУУС і потым адвезьлі ў лякарню.
Вытрымка зь інтэрвію былога арыштанта аб пабіцьці на антываеннай акцыі ў Менску:
«У нейкі момант людзі пачалі крычаць „Пуцін — х...“. Менавіта гэта, на думку хлопца, і стала прычынай жорсткіх затрыманьняў сілавікамі. Да яго адразу падбеглі тры ці чатыры вайскоўцы, павалілі на зямлю і пачалі біць дубінкамі. Яму нанесьлі 14 удараў, пяць зь іх былі па галаве. Пасьля гэтага падбег амапавец і прытрымаў хлопца, пакуль чакаў сваіх калег. У вынікуз некалькі сілавікоў за ногі і рукі пацягнулі хлопца ў аўтазак».
Расповед жанчыны пра біцьцё ў ізалятары на Акрэсьціна пасьля затрыманьня на акцыі супраць вайны:
«Зь ім (супрацоўнікам ізалятара Ўрублеўскім) канфлікт выйшаў з нагоды таго, што мы папрасілі туалетную паперу. У адказ пачулі: „За что боролись, на то и напоролись“ і лаянку. Пачаўся канфлікт паміж намі і ім. У выніку адну жанчыну адцягнуць я яшчэ пасьпела, бо зразумела, хто ён. А другую Ўрублеўскі вывеў на калідор і ўдарыў галавой аб сьцяну».