У сталіцы Кіргізстану Бішкеку міліцыя затрымала семярых удзельнікаў акцыі да гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне. Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку паведаміла праваабаронца Гульшайыр Абдырасулава.
«Іх затрымлівалі людзі ў цывільным, і ў іх канфіскавалі мабільныя тэлефоны. Міністар унутраных спраў, растлумачце, у нас цяпер што, нельга ўскладаць кветкі да помніка і выкарыстоўваць візуальныя атрыбуты?» — спытала яна.
Аб затрыманьні ўдзельнікаў акцыі кіргіскай службе Радыё Свабода паведаміў і грамадзянін Расеі Станіслаў Захаркін, які знаходзіцца ў Бішкеку. Яго сяброўка брала ўдзел у акцыі. Па яе словах, яны мусілі ўскласьці кветкі, але іх затрымалі і забралі мабільныя тэлефоны.
Затрыманыя знаходзяцца ў Першамайскім УУС Бішкеку. Ва ўпраўленьні ўнутраных спраў журналістам паабяцалі пракамэнтаваць затрыманьне ўдзельнікаў акцыі пазьней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У гарадах Расеі праходзяць акцыі салідарнасьці з Украінай24 лютага, у гадавіну пачатку вайны ва Ўкраіне, грамадзянскія актывісты ў сталіцы Казахстану Алматы ўсклалі кветкі да помніка Тараса Шаўчэнку ў знак падтрымкі ўкраінскага народу. Прысутныя выказалі сваё асуджэньне расейскай агрэсіі. Раней актывісты падавалі апавяшчэньне на правядзеньне мітынгу на гэтым месцы на гэты дзень, аднак мясцовыя ўлады не дазволілі яго.
Актывісты заявілі, што ўсё роўна зьбяруцца ў пятніцу да абеду. Прыходзіць да помніка людзі пачалі раніцай 24 лютага.
Ускласьці кветкі прыйшлі і грамадзянскія актывісты, і праваабаронцы. У навакольлі помніка стаялі супрацоўнікі паліцыі з аўтазакам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Інстытут вывучэньня вайны: Крэмль стварае ўмовы для правакацый на мяжы Ўкраіны і Беларусі, каб уцягнуць Лукашэнку ў вайну«Летась мы падавалі разоў 40 апавяшчэньняў пра мітынг. Першы выступ я арганізаваў 6 сакавіка, гэта быў найбуйнейшы мітынг за ўсю гісторыю Казахстану. І гэты мітынг, відаць, напалохаў улады. Яны сказалі, што было да іх шмат прэтэнзіяў з боку Расеі, і з таго часу нам адмаўляюць. Вось апошні раз падалі на правядзеньне мірнага мітынгу на 24, 25, 26 лютага на любое вызначанае месца, але нам не дазволілі», — пракамэнтаваў для Радыё Азаттык адзін з тых, хто прыйшоў да помніка, актывіст Марат Турымбетаў.
Напярэдадні акімат Алматы адмовіў журналістцы і грамадзянскай актывістцы Інзе Іманбай ва ўзгадненьні пікету ў падтрымку Ўкраіны ў гадавіну расейскага вайсковага ўварваньня ў гэтую краіну.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.