ЗША і саюзьнікі ўводзяць новыя санкцыі супраць Расеі за яе вайну ва Ўкраіне 

Паседжаньне G-7 онлайн. Кастрычнік 2022

Прэзыдэнт Джо Байдэн правядзе ў пятніцу онлайн-сустрэчу зь лідэрамі G7 і прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, абвясьціў у чацьвер увечары Белы дом.

Як паведамляе «Голас Амэрыкі», сустрэча адбудзецца роўна праз год пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, заходнія лідэры плянуюць абвясьціць сёньня новыя санкцыі супраць тых, хто дапамагае расейскай ваеннай машыне.

Летась гэтая ж група лідараў сабралася на экстраннае пасяджэньне празь некалькі гадзін пасьля таго, як прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін пачаў так званую «спэцыяльную ваенную апэрацыю» супраць Украіны – з мэтай увядзеньня першага раўнду санкцый супраць Масквы.

«Вялікая сямёрка» стала краевугольным каменем нашага рашучага і адзінага адказу Расеі, заявіла ў чацьвер афіцыйны прадстаўніца Белага дома Карын Жан-П'ер. Паводле яе, у пятніцу лідэры абмяркуюць працяг падтрымкі Ўкраіны і ўзмацненьне ціску на Расею ў сувязі зь яе агрэсіяй супраць суседняй краіны.

Са слоў Жан-Пʼер, санкцыі закрануць як фізычных, так і юрыдычных асоб, зьвязаных зь дзейнасьцю расейскіх банкаў, тэхналягічнага і абароннага сэктараў.

ЗША таксама абʼявяць аб новым пакеце дапамогі Ўкраіне, які будзе ўключаць у сябе падтрымку ў галіне эканомікі, бясьпекі і энэргетыкі, дадала яна.

Урад Аўстраліі абвясьціў у пятніцу, што адправіць ва Ўкраіну новую партыю бесьпілётнікаў і пра ўвядзеньне новых фінансавых санкцый супраць 90 расейскіх фізычных і 40 юрыдычных асоб.

«Мы па-ранейшаму падтрымліваем Украіну», – заявіў прэмʼер-міністар Энтані Альбанэзэ. – (Бесьпілётныя авіяцыйныя комплексы) забясьпечваюць выведку, назіраньне і рэкагнасцыроўку на полі бою за вайсковымі абʼектамі Ўкраіны».

Ён не ўдакладніў, колькі бесьпілётнікаў і якой мадэлі адправяць ва Ўкраіну.
Міністарка замежных спраў Аўстраліі Пэні Вонг заявіла тэлеканалу ABC, што будзе заклікаць Кітай прыняць меры па дээскаляцыі канфлікту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дэлегацыя ад Беларусі прагаласавала супраць рэзалюцыі Генэральнай Асамблеі ААН аб вайне ва Ўкраіне

Аўстралія, адзін з найбуйнейшых абаронных донараў Украіны па-за NATO, пастаўляе Кіеву гуманітарную дапамогу, боепрыпасы і вайсковую тэхніку. Акрамя таго, Канбэра забараніла экспарт у Расею гліназёму і алюмініевых рудаў, у тым ліку баксытаў.

З пачатку канфлікту Аўстралія аказала Ўкраіне падтрымку бясьпекі на суму каля 500 мільёнаў аўстралійскіх даляраў (340 мільёнаў даляраў ЗША). Аўстралійскія спэцыялісты былі накіраваныя ў Вялікую Брытанію для падрыхтоўкі там украінскіх вайскоўцаў. Таксама Канбэра ўвяла санкцыі ў дачыненьні да больш як 1000 расейскіх фізычных і юрыдычных асоб.

Галоўны сакратар кабінэта міністраў Японіі Хірокадзу Мацуно заявіў у пятніцу, што Японія як старшыня G7 хоча ўмацоўваць сувязі «Вялікай сямёркі» з Кіевам і ўмацоўваць супрацоўніцтва з Украінай.
У пятніцу ў Японіі пройдзе онлайн-саміт G7, на якім будуць абмяркоўвацца пытаньні, зьвязаныя з абаронай Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Галоўны заступнік беларускага калію — Партугалія». Рэдактар Свабоды Юзьвяк пра інсайды з Эўразьвязу і абыход санкцый

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.