Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя ад Беларусі прагаласавала супраць рэзалюцыі Генэральнай Асамблеі ААН аб вайне ва Ўкраіне


Галасаваньне ў Генэральнай Асамблеі ААН
Галасаваньне ў Генэральнай Асамблеі ААН

Беларусь стала адной зь сямі краін, якія прагаласавалі супраць рэзалюцыі надзвычайнай сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН аб неабходнасьці вываду расейскіх войскаў і аднаўленьня міру ва Ўкраіне.

Супраць прапанаванага Ўкраінай дакумэнту прагаласавалі таксама Расея, Эрытрэя, Паўночная Карэя, Малі, Нікарагуа і Сырыя, паведамляе BPN.

З трыбуны ААН выступае міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба. Нью-Ёрк, 23 лютага 2023
З трыбуны ААН выступае міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба. Нью-Ёрк, 23 лютага 2023

У падтрымку рэзалюцыі «Прынцыпы, што ляжаць у аснове дасягненьня ўсёабдымнага, справядлівага і трывалага міру ва Ўкраіне», якая прымеркавана да гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць украінскага народу, выказалася 141 краіна, сярод іх Ірак, Афганістан, М’янма, Лібія, Самалі, Сэрбія, Малдова, Грузія.

32 дзяржавы ўстрымаліся, у тым ліку Кітай, Іран, Куба, Судан, Армэнія, Таджыкістан, Кіргізстан, Казахстан, Узбэкістан.

Сярод тых, хто не галасаваў, — Вэнэсуэла, Азэрбайджан, Туркмэністан.

Дэлегацыя рэжыму Лукашэнкі беспасьпяхова спрабавала ўнесьці шэраг паправак у праект рэзалюцыі. У прыватнасьці, прапаноўвалася выключыць з прэамбулы словы «праз год пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну». Фармулёўка «...агрэсіі РФ супраць Украіны, уключаючы няспынныя напады на аб’екты крытычна важнай інфраструктуры па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны...» прапаноўвалася спрасьціць да фразы «...ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне».

Акрамя таго, Менск прапанаваў выключыць патрабаваньне, каб РФ «неадкладна, цалкам і безумоўна вывела ўсе свае ўзброеныя сілы з тэрыторыі Ўкраіны ў яе міжнародна прызнаных межах».

  • Беларусь традыцыйна галасуе супраць рэзалюцый Генасамблеі ААН, зьвязаных з агрэсіяй Расеі супраць Украіны, анэксаваньнем ёю чужых тэрыторый ды інш. Падобныя дакумэнты, як правіла, таксама не падтрымліваюць Іран, Кітай, Куба, Паўночная Карэя, Эрытрэя і шэраг іншых дзяржаў.
  • Улады ў Менску пастаянна адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне. Летась у ліпені Аляксандар Лукашэнка публічна прызнаў уварваньне 20-тысячнага кантынгенту расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG