Менш чым празь месяц пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну пачалі прыяжджаць лідэры і палітыкі замежных краін.
Гэтую традыцыю 15 сакавіка 2022 году распачала эўрапейская «чацьвёрка» — прэм'ер-міністры Польшчы, Чэхіі і Славеніі Матэвуш Маравецкі, Пэтар Фіяла, Янэз Янша і віцэ-прэм’ер Польшчы ў пытаньнях бясьпекі Яраслаў Качынські. Яны першыя праклалі «чыгуначны» маршрут перамяшчэньня ва Ўкраіну.
Прэм'ер-міністры Польшчы, Чэхіі і Славеніі Матэвуш Маравецкі, Пэтар Фіяла, Янэз Янша і віцэ-прэм’ер Польшчы ў пытаньнях бясьпекі Яраслаў Качынські разам ехалі ў цягніку. 15 сакавіка 2022 году
Гэты візыт, як пераважна і ўсе іншыя, не анансаваўся, трымаўся ў сакрэце да фактычнага прыезду палітыкаў. Хоць рашэньне аб гэтай паездцы было ўхвалена на саміце Эўразьвязу ў Вэрсалі пад Парыжам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Першы візыт замежных кіраўнікоў у Кіеў падчас вайны ва Ўкраіне: прадстаўнікі Польшчы, Чэхіі і Славеніі едуць цягнікомКіраўнікі ўрадаў хацелі прадэманстраваць адназначную падтрымку ўсім Эўразьвязам сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны і прадставіць шырокі пакет падтрымкі ўкраінскай дзяржаве і грамадзтву.
У лідэрах Польшча, Эўразьвяз, Літва і Вялікая Брытанія
Пасьля гэтага кіраўніцтва Польшчы амаль кожны месяц прыяжджала ва Ўкраіну зь візытамі — па чарзе прэзыдэнт Анджэй Дуда і прэм’ер Матэвуш Маравецкі. Кожны зь іх за год ваеннага становішча наведаў Украіну па чатыры разы.
Прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен, Уладзімір Зяленскі і кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль. 9 лютага 2023 году
Сярод лідэраў у колькасьці наведваньняў Украіны таксама прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен і кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль. Кожны зь іх наведаў Украіну па чатыры разы. Апошні іхны візыт адбыўся 2-3 лютага, калі ў Кіеве праходзіў саміт «Украіна — Эўразьвяз».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Кіеве падчас паветранай трывогі прайшоў саміт «Украіна—Эўразьвяз»На гэты саміт прыехала і рэкордная колькасьць камісараў Эўрапейскай камісіі — 15 з 27.
«Мы тут з дакладным сыгналам пра дзьве рэчы. Першая — гэта сыгнал вам і народу Ўкраіны, што Эўразьвяз будзе падтрымліваць вас усім, чым можа, і так доўга, як гэта патрэбна. Мы не спалоханыя, мы не баімся Крамля, бо Ўкраіна і ЭЗ — мы сям’я. Мой другі сыгнал — будучыня Ўкраіны з Эўразьвязам», — заявіў прэзыдэнт Эўрапейскай рады Шарль Мішэль на прэсавай канфэрэнцыі пасьля саміту.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны ўручыў прэзыдэнту Ўладзіміру Зяленскаму найвышэйшую ўзнагароду Літвы — ордэн Вітаўта Вялікага. Кіеў, 28 ліпеня 2022 году
Трэцяе месца ў колькасьці наведваньняў ваеннай Украіны займае Літва. Яе прэзыдэнт Гітанас Наўседа зрабіў тры візыты ў Кіеў, а кіраўніца ўраду Інгрыда Шыманіце прыяжджала двойчы.
Кіраўнік ураду Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан тройчы прыяжджаў ва Ўкраіну, і адзін раз ягоны наступнік Рышы Сунак.
75 візытаў першых асобаў за 12 месяцаў вайны
Падтрымаць Украіну прыяжджалі кіраўнікі амаль усіх краін Эўразьвязу — Чэхіі, Славаччыны, Аўстрыі, Латвіі, Даніі, Румыніі, Фінляндыі, Нямеччыны, Італіі, Швэцыі, Нідэрляндаў, Славеніі, Эстоніі, Гішпаніі, Баўгарыі, Харватыі, Партугаліі, Францыі, Люксэмбургу, Ірляндыі, Грэцыі, Вугоршчыны і Бэльгіі.
Толькі прадстаўнікі Кіпру і Мальты пакуль не наведвалі Ўкраіну зь візытам.
Падтрымаць Украіну прыяжджалі былы і цяперашні генэральны сакратар ААН — Пан Гімун і Антонію Гутэрыш.
За год вайны толькі кіраўнікі замежных дзяржаў і ўрадаў 74 разы наведвалі Ўкраіну. І гэта без уліку парлямэнцкіх дэлегацый краін Эўразьвязу і ЗША, міністраў замежных спраў, а таксама мэраў эўрапейскіх гарадоў, якія заключаюць партнэрскія дамовы з гарадзкімі ўладамі ўкраінскіх гарадоў.
Аб сваёй падтрымцы Ўкраіны ў Кіеве і Львове заяўлялі і кіраўнікі іншых эўрапейскіх дзяржаў, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз — Альбаніі, Чарнагорыі, Нарвэгіі, Швайцарыі і Турэччыны.
Прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо ў Ірпяні Кіеўскай вобласьці. 8 траўня 2022 году
Украіну наведвалі прадстаўнікі краін і зь іншых кантынэнтаў — прэм’ер-міністар Канады і Аўстраліі Джастын Трудо і Энтані Албаніз, прэзыдэнт Гватэмалы Алехандра Джаматэі і прэзыдэнт Гвінэі-Бісаў Умару Сісоку Эмбалатэі.
Рэзанансным напярэдадні гадавіны расейскага ўварваньня стаў неабвешчаны візыт прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Кіеве зь неабвешчаным візытам пабываў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн. ФОТАЗ постсавецкіх краін Украіну наведала толькі адна дэлегацыя
З постсавецкіх краін ва Ўкраіну падчас вайны прыяжджалі толькі прадстаўнікі Малдовы — прэзыдэнтка Мая Санду і прэм’ер-міністар Натальля Гаўрыліца, якая перад сваёй адстаўкай заявіла, што цяпер галоўнае для краіны — бясьпека.
Сустрэча прэзыдэнткі Малдовы Маі Санду і кіраўніка Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Кіеў, 27 чэрвеня 2022 году
Азэрбайджанскія кампаніі актыўна дапамагаюць Ўкраіне ў аднаўленьні пацярпелых гарадоў, але афіцыйных візытаў прадстаўнікоў Азэрбайджану не было. У прыватнасьці, азэрбайджанскія кампаніі дапамагалі аднавіць пашкоджаную расейскімі абстрэламі Ірпенскую спэцыялізаваную агульнаадукацыйную школу з вывучэньнем замежных моваў, у якой некалі вывучалі беларускую мову.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як пасьля расейскай акупацыі Ірпяня выглядае школа, у якой вывучалі беларускую мову, і што гаворыць дырэктарка пра беларусаў. ФОТААмаль усе замежныя палітыкі наведалі Ірпень ці Бучу
Большасьць палітыкаў, якія цягам году прыяжджалі зь візытамі ва Ўкраіну, абавязкова наведвалі гарады Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей, у якіх пасьля вызваленьня ад расейскай акупацыі задакумэнтавалі найбольшую колькасьць ваенных злачынстваў расейскіх вайскоўцаў.
Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш у Бучы. Кіеўская вобласьць, 28 красавіка 2022 году
Буча, Гастомель, Барадзянка, Ірпень пад Кіевам і Ягаднае пад Чарнігавам і сам Чарнігаў. У гэтых населеных пунктах замежныя палітыкі на свае вочы пабачылі, што ўсе паведамленьні аб парушэньні Расеяй правілаў і звычаяў вядзеньня вайны не зьяўляюцца выдуманымі, як у гэтым спрабуюць пераканаць расейская і беларуская прапаганды.
У Кіеве стварылі Алею мужнасьці зь імёнамі замежных лідэраў
Летась у жніўні прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ініцыяваў стварэньне ў цэнтры сталіцы, на плошчы Канстытуцыі (яна знаходзіцца каля Вярхоўнай Рады Ўкраіны), Алеі мужнасьці. Як сказаў Зяленскі, гэтая алея стане сымбалем адвагі, дружбы і падтрымкі Ўкраіны тады, калі яна сапраўды патрэбная.
На ёй усталёўваюць пліткі з імёнамі палітыкаў, якія не пабаяліся прыехаць ва Ўкраіну ва ўмовах вайны і аказваюць вайсковую падтрымку краіне.
Першым на Алеі мужнасьці ўганаравалі прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуду. Кіеў, 23 жніўня 2022 году
Вядома ж, першым, каго ўганаравалі на Алеі мужнасьці, стаў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Ён жа разам з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім узяў удзел у афіцыйным адкрыцьці алеі.
Цяпер на алеі ўшанавалі 13 эўрапейскіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў. Апошняй тут усталявалі плітку зь імем прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна.