Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны Сяргей Наеў
Але колькасьць расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі не зьмянілася. Як і раней, застаецца 9 тысяч.
Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны Сяргей Наеў заявіў, што колькасьць расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі не зьмянілася, але Расея пакінула пасьля супольных вучэньняў сваю авіяцыю.
«Каля 9 тысяч вайскоўцаў, ёсьць каля 60 баявых браняваных машын, 40 артылерыйскіх сыстэм, а таксама засталася авіяцыя пасьля супольных іхных вучэньняў. Сухапутныя дзеяньні з такімі сіламі малаімаверныя», — сказаў Сяргей Наеў у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом 13 лютага.
Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны дадаў, што, нягледзячы на гэта, украінскія войскі, якія абараняюць межы Ўкраіны на поўначы, не спыняюць актыўных вучэньняў.
Некалькі дзён таму вучэньні адбыліся ў памежных зь Беларусьсю раёнах Ровенскай вобласьці.
«Абараназдольнасьць вобласьці ў дзясяткі разоў павялічылася дакладна. Гэта датычыць і колькасьці, і забясьпечанасьці, і зброі, якая ёсьць», — падкрэсьліў кіраўнік Ровенскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Коваль.
Расея і Беларусь праводзілі супольныя лётна-тактычныя вучэньні з 16 студзеня да 2 лютага. Ад расейскага боку ўдзельнічала вайсковае фармаваньне Паветрана-касьмічных сіл.
У Міністэрстве абароны Беларусі заяўлялі, што галоўная мэта вучэньняў — павышэньне апэратыўнай сумяшчальнасьці пры сумесным выкананьні вучэбна-баявых задач. Удзельнікі вучыліся паветранай выведцы, сумеснаму патруляваньню, авіяпадтрымцы наземных войскаў, высадцы дэсанту, дастаўцы грузаў і эвакуацыі параненых.