Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка загадаў у ахове мяжы сёлета сканцэнтравацца на ўкраінскім кірунку


Участак украінска-беларускай мяжы
Участак украінска-беларускай мяжы

Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў рашэньні  пра ахову дзяржаўнай мяжы органамі памежнай службы ў 2023 годзе.

Сёлета Аляксандар Лукашэнка падпісаў адразу два рашэньні аб ахове дзяржаўнай мяжы — памежнікамі на зямлі і СПА ў небе, хаця раней штогод падпісваў адно, піша БелТА.

Асноўныя намаганьні ў ахове мяжы сёлета сканцэнтруюцца на ўкраінскім напрамку, а таксама на ўчастках, дзе магчымае ўзьнікненьне новых вонкавых выклікаў і пагроз памежнай бясьпецы, паведамілі ў Дзяржаўным памежным камітэце.

У абмеркаваньні сытуацыі на дзяржаўных межах Беларусі ўдзельнічалі дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч, міністар абароны Віктар Хрэнін, старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Анатоль Лапо, начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных Сіл — першы намесьнік міністра абароны Віктар Гулевіч.

Лукашэнка ў размове зь імі вызначыў тры напрамкі размовы — ахова дзяржаўнай мяжы, уцекачы і войска.

Ён сказаў, што на мяжы не спыняецца паток руху людзей з Азіі, у тым ліку з такіх краін, як Афганістан і шэрагу іншых.

Паводле Памежнага камітэту, 17,2 тысячы вайскоўцаў знаходзяцца каля беларускай мяжы з боку Ўкраіны, 3,7 тысячы — з боку Польшчы. Сумарна на межах Беларусі з Украінай і Эўразьвязам ДПК налічвае 23,5 тысячы салдат.

Таксама ў ДПК заявілі, што ўкраінскія памежнікі нібыта робяць правакацыі на мяжы зь Беларусьсю, гэта, у прыватнасьці, «пашкоджаньне памежнай інфраструктуры, абразы і аказаньне псыхалягічнага ціску на беларускіх памежнікаў, дэманстратыўныя дзеяньні, у тым ліку з выкарыстаньнем зброі, гукавой апаратуры, лазэраў і ўлётак». Там адзначылі, што ў 2022 годзе на паўднёвых рубяжах зафіксавалі 88 такіх фактаў.

Раней, напрыклад, беларускі бок палічыў правакацыяй тое, што ўкраінскі бок вывесіў беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг на адным з участкаў. У сюжэце на дзяржаўнай тэлевізіі Беларусі ўкраінскі сьцяг паказалі ў звычайным рэжыме, а нацыянальны беларускі «размылі».

Старшыня Памежнага камітэту Анатоль Лапо, які знаходзіцца пад санкцыямі з боку Ўкраіны, адзначыў, што летась давялося «па ўсіх парамэтрах перабудаваць» ахову дзяржаўнай мяжы на поўдні.

24 лютага 2022 году праз беларуска-ўкраінскую мяжу пайшлі калёны расейскіх танкаў і іншай тэхнікі, зь Беларусі ва Ўкраіну выляталі самалёты і ракеты, што зрабіла Беларусь саўдзельніцай ваеннай агрэсіі. За гэта на беларускія ўлады наклалі санкцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG