Прэзыдэнт Украіны працягвае сваё эўрапейскае турнэ сустрэчай у Эўрапарлямэнце і на саміце лідэраў краін Эўразьвязу.
Украінскі прэзыдэнт у выступе перад дэпутатамі Эўрапарлямэнту заявіў, што сумленныя выбары зьяўляюцца для Ўкраіны шляхам «вяртаньня ў эўрапейскі дом», і Расея сваёй вайной намагаецца зьнішчыць гэты шлях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Эўразьвяз падтрымаў «формулу міру», прапанаваную Ўкраінай. Што ў ёй«Гэтая татальная вайна, разьвязаная Расеяй, ня толькі ў той ці іншай тэрыторыі Эўропы. Яе пагроза ў тым, што ёсьць дыктатар з шалёнымі запасамі савецкай зброі, якая падсілкоўваецца зброяй ад іншых дыктатур, у прыватнасьці ад іранскага рэжыму», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Дэпутаты Эўрапарлямэнту часта перарывалі выступ Зяленскага сваімі воплескамі. Украінскі прэзыдэнт на гэта адказаў, што лічыць іх воплескамі кожнаму ўкраінцу. Да гэтага ўкраінскі прэзыдэнт ужо выступаў перад эўрапейскімі парлямэнтарамі летась, але дыстанцыйна. Цяпер ён асабіста падзякаваў усім за падтрымку Ўкраіны.
«Эўропа застанецца свабоднай, пакуль мы разам і пакуль мы дбаем аб нашай Эўропе. Расейскі рэжым сьвядома інвэстуе ў ксэнафобію і намагаецца зрабіць часткай нармальнасьці на нашым кантынэнце ўсё тое нечалавечае, што было ў 1930–1940 гадах. Але ці навечна гэта? Гэтае пытаньне для ўсіх нас. Адказ: не. Мы абараняемся ад найбольшай антыэўрапейскай сілы сучаснага сьвету. Мы, украінцы на полі бою разам з вамі», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Прэзыдэнтка Эўрапарлямэнту Рабэрта Мэцола заявіла, што Ўкраіна цяпер на адстойвае эўрапейскія каштоўнасьці на полі бою.
«Мы разумеем, што вы змагаецеся ня толькі за свае каштоўнасьці, а і за нашыя, за тыя ідэі, які нас усіх робяць эўрапейцамі, таму што Ўкраіна — гэта Эўропа, і будучыня вашага народу — у Эўрапейскім зьвязе», — заявіла яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Кіеве падчас паветранай трывогі прайшоў саміт «Украіна—Эўразьвяз»У канцы лютага 2022 году, праз чатыры дні пасьля пачатку вайны, найвышэйшае кіраўніцтва Ўкраіны — прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, сьпікер парлямэнту Руслан Стэфанчук і прэм’ер Дзяніс Шмыгаль — падпісалі заяўку Ўкраіны на ўступленьне ў Эўразьвяз. У чэрвені лідэры краін ЭЗ яе разгледзелі і ўхвалілі рашэньне аб наданьні Ўкраіне статусу кандыдата на ўступленьне ў Эўразьвяз.
Цяпер украінскія ўлады просяць Эўразьвяз пачаць сёлета перамовы аб уступленьні Ўкраіны ў ЭЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі пасьля Лёндану і Парыжу наведае Брусэль. У якасьці ганаровага госьця саміту ЭўразьвязуВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.