Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі пасьля Лёндану і Парыжу наведае Брусэль. У якасьці ганаровага госьця саміту Эўразьвязу


Пасьля сваёй сустрэчы Ўладзімір Зяленскі, Эманюэль Макрон і Оляф Шольц правялі прэсавую канфэрэнцыю. Парыж, 8 лютага 2023
Пасьля сваёй сустрэчы Ўладзімір Зяленскі, Эманюэль Макрон і Оляф Шольц правялі прэсавую канфэрэнцыю. Парыж, 8 лютага 2023

Зяленскі наведаў Парыж адразу пасьля візыту ў Вялікую Брытанію.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 9 лютага разам з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам вылеціць з Парыжу ў Брусэль для ўдзелу ў саміце лідэраў краін Эўрапейскага зьвязу.

Зяленскі наведаў Парыж адразу пасьля візыту ў Вялікую Брытанію, куды ён прыляцеў на брытанскім вайсковым транспартным самалёце. У Брусэль, як чакаецца, украінскі прэзыдэнт таксама паляціць на вайсковым самалёце, які належыць фрацускім паветраным войскам.

Візыты ўкраінскага прэзыдэнта ў эўрапейскія краіны адбываюцца на тле паведамленьняў аб магчымым маштабным наступе расейскіх войскаў.

У Вялікай Брытаніі ўкраінскі прэзыдэнт правёў сустрэчы з кіраўніком ураду, каралём Карлам ІІІ і выступіў у парлямэнце, дзе ён заявіў, што Ўкраіне патрэбныя самалёты. Пазьней заходнія СМІ паведамілі, што кіраўнік ураду Вялікай Брытаніі даручыў міністру абароны ацаніць магчымасьці перадачы Ўкраіны зьнішчальнікаў. Расея ўжо паабяцала «адказ», калі Вялікая Брытанія перадасьць Украіне самалёты.

Аб патрэбе ў вайсковых самалётах у якасьці дапамогі Ўладзімір Зяленскі заявіў і на сустрэчы з францускім калегам Эманюэлем Макронам і канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам. Прэзыдэнт Украіны заклікаў іх «як мага хутчэй даць Украіне зьнішчальнікі, каб адбіць наступ Расеі».

У сваю чаргу францускі і нямецкі лідэры паабяцалі працягваць падтрымліваць Украіну столькі, колькі будзе патрэбна да перамогі.

Эманюэль Макрон уручыў Уладзіміру Зяленскаму Вялікі крыж Ганаровага легіёну — найвышэйшую ўзнагароду, якой прэзыдэнт Францыі можа ўзнагароджваць замежных кіраўнікоў дзяржаў.

Оляф Шольц заявіў, што ўдзел Зяленскага ў саміце ЭЗ стане «сыгналам эўрапейскай салідарнасьці».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG