Ва Ўкраіне ідэнтыфікавалі паўсотні расейскіх артылерыстаў, якія абстрэльвалі Харкаў

Сьледчыя Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў Украіны знайшлі дакумэнты расейскіх вайскоўцаў, якія абстрэльвалі Харкаў. Люты 2023 году

Гэта змаглі зрабіць на падставе расейскіх дакумэнтаў, знойдзеных на вызваленых тэрыторыях Харкаўшчыны ў адным з будынкаў, дзе знаходзіўся штаб расейцаў.

Сьледчыя Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў (ДБР) Украіны ідэнтыфікавалі 46 вайскоўцаў 138-й мотастралковай брыгады Ўзброеных сіл Расеі, якія з далёкабойнай артылерыі абстрэльвалі Харкаў.

Апроч таго, сьледчыя змаглі ўстанавіць нумары зброі, якая была за імі замацаваная, а таксама іхныя рапарты.

Гэта змаглі зрабіць на падставе расейскіх дакумэнтаў, знойдзеных на вызваленых тэрыторыях Харкаўшчыны ў адным з будынкаў, дзе знаходзіўся штаб расейцаў.

Паводле сьледчых ДБР, 138-ю мотастралковую брыгаду на пачатку расейскага ўварваньня перакінулі з палігону ў Курскай вобласьці на Харкаў.

«Вайскоўцы гэтай брыгады, палова зь якіх былі на тэрміновай службе, у чэрвені-жніўні 2022 году расстрэльвалі Харкаў, у прыватнасьці, жылы масіў Паўночнай Салтаўкі ў Кіеўскім раёне, а для абстрэлаў выкарыстоўвалі сыстэмы залпавага агню „Град“, 152-мм самаходныя ўстаноўкі „Акацыя“ ды іншую далёкабойную артылерыю», — адзначылі ў ДБР.

У ведамстве паведамілі, што згодна з украінскім заканадаўствам, злачынствы супраць нацыянальнай бясьпекі ня маюць тэрміну даўнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Нямеччына: ёсьць сотні доказаў ваенных злачынстваў ва Ўкраіне

У Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны паведамілі, што на 7 лютага задакумэнтавалі 68 321 ваеннае злачынства, учыненае расейскімі вайскоўцамі, зь іх 16 825 — учыненыя супраць нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Не хачу ўдзельнічаць у такім вар’яцтве». Былы расейскі афіцэр папрасіў прабачэньня ва ўкраінцаў за ўварваньне

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Застрэліў, расьсек цела, падпаліў. Ва Ўкраіне раскрылі яшчэ адно забойства, учыненае расейскім салдатам