Расея нанесла ракетны ўдар па жылым доме ў Краматорску, ёсьць загінулыя і параненыя

На месцы ўдару ў Краматорску, 1 лютага 2023

Ракета пацэліла ў будынак у цэнтры ўкраінскага гораду. На месцы працуюць ратавальнікі, колькасьць ахвяр расьце.

Сама меней 3 чалавекі загінулі і 22 атрымалі раненьні ўвечары 1 лютага ў выніку абстрэлу расейскімі войскамі гораду Краматорск Данецкай вобласьці.

«Дзьве гадзіны таму расейскія акупанты абстралялі ракетай жылы дом, разьмешчаны ў цэнтры гораду, і цалкам яго разбурылі. На месцы працуюць ратавальнікі, праваахоўнікі і камунальнікі — разьбіраюць завалы разбуранага дому. Цалкам верагодна, што пад імі могуць знаходзіцца людзі», — напісаў у тэлеграме кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Паўло Кірыленка.

Расейскія войскі атакавалі Краматорск на Данбасе, разбурылі частку шматкватэрнага дома. ФОТА

Кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак падкрэсьліў, што расейскія вайскоўцы абстралялі мірных жыхароў, дадаўшы, што «Расея — тэрарыстычная дзяржава».

Расейскія войскі рэгулярна атакуюць Краматорск.

Як пазьней паведаміла Дзяржаўная служба ў надзвычайных сытуацыях, у выніку ракетнага ўдару разбураны з чацьвёртага па першы паверхі чатырохпавярховага дома ў адным пад’езьдзе. Удар закрануў і прыпаркаваныя побач аўтамабілі.

Паводле спэцыялістаў, расейцы нанесьлі ўдар ракетай «Іскандэр-М».

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што за мінулыя содні расейскія войскі нанесьлі 6 ракетных і 4 авіяцыйныя ўдары па населеных пунктах Украіны, а таксама ажыцьцявіў 73 абстрэлы гарадоў, у выніку якіх загнулі мірныя грамадзяне.

У Генштабе таксама паведамілі, што пагроза расейскіх авіяцыйных і ракетных удараў застаецца па ўсёй Украіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ўдарыла па жылым доме ў Харкаве, ёсьць ахвяры

З самага пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Масква адмаўляе мэтанакіраваныя ўдары па мірных жыхарах, нягледзячы на наяўнасьць сьведчаньняў і доказаў гэтага. У Крамлі гавораць аб ударах высокадакладнай зброяй па вайсковых аб’ектах, але ракеты і дроны атакуюць кварталы з цывільным насельніцтвам, ва Ўкраіне рэгулярна абвяшчаюць паветраную трывогу.

Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека раней паведамляла, што па стане на 15 студзеня змагло пацьвердзіць гібель 7031 мірнага жыхара Ўкраіны праз расейскую агрэсію. Рэальная колькасьць ахвяр можа быць значна большай, адзначылі ў міжнароднай арганізацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі нелюдзі могуць такімі ракетамі абстрэльваць гарады». Мэр Дніпра аб ратавальнай апэрацыі на месцы разбуранага ракетай дома

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.