Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Толькі нелюдзі могуць такімі ракетамі абстрэльваць гарады». Мэр Дніпра аб ратавальнай апэрацыі на месцы разбуранага ракетай дома


Наступствы расейскага ракетнага ўдару па горадзе Дніпро
Наступствы расейскага ракетнага ўдару па горадзе Дніпро

На 18 студзеня вядома аб гібелі ў Дніпры ад расейскай ракеты 45 грамадзян, у тым ліку 6 дзяцей, 15 целаў не ідэнтыфікавалі.

У Дніпры на месцы расейскага ракетнага ўдару па жылым доме пашукова-ратавальная апэрацыя ішла тры дні. Паводле ўдакладненай інфармацыі, вядома аб гібелі 45 грамадзян, у тым ліку 6 дзяцей, аб 15 неідэнтыфікаваных целах і аб 79 траўмаваных людзях.

Ратавальнікі разьбіраюць завалы разбуранага расейскай ракетай жылога дома ў Дніпры. 14 студзеня 2023
Ратавальнікі разьбіраюць завалы разбуранага расейскай ракетай жылога дома ў Дніпры. 14 студзеня 2023

Украіснкая службы Радыё Свабода пагутарыла з мэрам Дніпра Барысам Філатавым пра ратавальную апэрацыю, дапамогу пацярпелым і тое, як горад пераадольвае шок.

— Я прыехаў да вас на эфір адразу зь месца трагедыі. Знайшлі яшчэ жанчыну-касірку, якая была ў краме на першым паверсе. Паднялі пліту і... Скажам так: цела — як аркуш паперы.

— Гэта ў Дніпры першая такая маштабная атака на цывільны аб’ект зь вялікай колькасьцю ахвяр. Адбылася яна ў выходны дзень. А як вы, мэр, даведаліся аб гэтым?

— Я даведаўся ў тым ліку ад маіх блізкіх людзей. Таму што, каб вы разумелі, чаму для мяне гэта асабістая трагедыя, жылы масіў «Перамога» — гэта мой родны жылы масіў. Я там нарадзіўся, хадзіў у школу. Я маю там шмат сяброў, у гэтым доме жывуць мае школьныя сябры. [...] Праз тры дамы ад гэтага жыве мая родная сястра і мае пляменьнікі. Таму сытуацыя для мяне вельмі-вельмі маральна цяжкая.

— Перад гэтай атакай прагучала паветраная трывога?

— Так, была трывога. Гэта ж трывога была па ўсёй краіне, бо па ўсёй краіне быў інтэнсіўны ракетны ўдар. Але калі вы хочаце пагаварыць пра гэтую ракету, то гэта Х-22, якімі страляюць па авіяносных групах у моры. Толькі нелюдзі і вырадкі могуць такімі ракетамі абстрэльваць гарады і жылыя кварталы. Гэта вельмі хуткая ракета. Яе амаль немагчыма перахапіць.

Барыс Філатаў, мэр Дніпра
Барыс Філатаў, мэр Дніпра

На 99% яны стралялі па нашай цепластанцыі, якая знаходзіцца на другім беразе ракі Дняпро. Але, паколькі ракета недакладная, яна проста не пацэліла ў цепластанцыю, пераляцела раку і выбрала іншую найбольшую мішэнь.

— Вы сказалі, што, хутчэй за ўсё, ракета мусіла пацэліць у Прыдняпроўскую ЦЭС. Маеце дакладную інфармацыю?

— Гэта мая здагадка. А хто? А якая інфармацыя? Хто ведае, куды яны стралялі? Побач там няма ніякіх вайсковых аб’ектаў. Гэта жылы масіў, вельмі вялікі. Там жывуць больш як 150 тысяч людзей. Побач няма ні інфраструктурных аб’ектаў, ні вайсковых ніякіх частак. На другім беразе ракі знаходзіцца цепластанцыя. Толькі туды яны маглі страляць. І гэтая мая здагадка. Таму што яны па гэтай няшчаснай цепластанцыі стралялі ўжо 3 ці 4 разы.

— «Дзеркало тижня» паведамляла са спасылкай на ўласныя крыніцы, што паліцыя затрымала падлеткаў, якія фатаграфавалі мясцовую ЦЭС. І нібыта ў аднаго зь іх знайшлі і фатаздымкі, і ліставаньне з расейскімі нумарамі. Вам нешта вядома пра гэта?

— Мне гэта вядома з адкрытых крыніц. Але я не камэнтую таго, што робяць праваахоўныя органы. Магчыма, такі выпадак мог быць, таму што краіна-арэсарка вэрбуе ж агентуру, выкарыстоўваючы і сацыяльныя сеткі, і розныя тэлеграм-чат-боты.

— Вы сказалі, што ў гэтым доме жыла больш як тысяча грамадзян. Што будзе з будынкам? Яго зьнясуць?

— Ня ўвесь будынак. Зараз нас ратавальнікі не дапускаюць, нашых камунальнікаў, каб зрабіць інструмэнтальны агляд. Але ўжо цяпер можна сказаць, што недзе 240 кватэр нам патрэбна будзе фактычна дэмантаваць. Гэта вельмі шмат.

Жыхары горада аб'ядналіся, каб дапамагчы пацярпелым. Дніпро, 17 студзеня 2023
Жыхары горада аб'ядналіся, каб дапамагчы пацярпелым. Дніпро, 17 студзеня 2023

— А дзе будуць жыць людзі з гэтых кватэр, якія выжылі?

— Мы прапанавалі цяпер інтэрнат адной з навучальных устаноў гораду. Гэта будаўнічая акадэмія. Там недзе 500 месцаў. [...] У першую ноч мы давалі прытулак у «пунктах нязломнасьці». Але ніхто не прыйшоў — усіх разабралі сваякі, сябры ці знаёмыя. Цяпер народ падцягваеццаа, мы іх расьсяляем. Ёсьць месцы, ежа, цёплае адзеньне. І валянтэры прыносяць. Я ніколі ня бачыў такога народнага яднаньня.

Што трэба ведаць пра горад Дніпро

Дніпро знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй частцы Ўкраіны, за 973 кілямэтры ад Менску. Ва ўмовах вайны горад зьяўляецца прыфрантавым і адным з найбуйнейшых лягістычных цэнтраў па лячэньні параненых і вайсковым забесьпячэньні падразьдзелаў Узброеных сіл, якія ваююць на перадавой.

Колькасьць насельніцтва да вайны складала 968 502 грамадзяніны.

Горад вядомы сваімі вялікімі прадпрыемствамі ў касьмічнай галіне. Да вайны, калі Расея пачала зьнішчаць гэтыя прадпрыемствы, Дніпро лічыўся адным з найбольшых у сьвеце цэнтраў ракетна-касьмічнага будаўніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG