Людзі нясуць кветкі, зьнічкі і цацкі да будынку, зруйнаванага ў Дніпры ў выніку расейскага ракетнага ўдару. 16 студзеня 2023 году
«Кожнае ваеннае злачынства мае канкрэтнага выканаўцу. Служба бясьпекі вызначыць і абнародуе зьвесткі пра ўсіх пайменна, каб ніводзін забойца не пазьбег пакараньня», — заявіў кіраўнік СБУ Васіль Малюк.
Служба бясьпекі Ўкраіны завяла крымінальную справу супраць шасьці расейскіх вайскоўцаў, якія аддавалі і выконвалі загад аб нанясеньні ракетных удараў па горадзе Дніпро, паводле факту парушэньня правілаў і звычаяў вядзеньня вайны.
У выніку абстрэлу пакуль пацьверджана гібель 40 мірных грамадзян, у тым ліку трох дзяцей. У шматпавярховым будынку цалкам зруйнаваныя 72 і пашкоджаныя 236 кватэр, а таксама зьнішчана 25 аўтамабіляў.
«Кожнае ваеннае злачынства мае канкрэтнага выканаўцу. Служба бясьпекі вызначыць і абнародуе зьвесткі пра ўсіх пайменна, каб ніводзін забойца не пазьбег пакараньня. Няхай кожны з тых, хто націскае „пуск“, хто датычны да такіх злачынстваў, потым кожную хвіліну чакае адплаты. І яна будзе абавязкова. Спэцслужба ўжо сабрала велічэзны масіў доказаў для міжнародных судоў, і з кожным днём вайны пашырае і дапаўняе яго», — заявіў кіраўнік СБУ Васіль Малюк.
Паводле яго, да ракетных абстрэлаў Дніпра датычныя некалькі дзясяткаў расейскіх вайскоўцаў.
Цяпер Служба бясьпекі Ўкраіны абнародавала прозьвішчы шасьцярых:
камандзір 52-га цяжкага бамбардавальнага авіяцыйнага палку (в/ч 33310) палкоўнік Алег Ц., 1971 году нараджэньня;
камандзір авіяцыйнага атраду гэтага палку Аляксей І., 1987 году нараджэньня;
начальнік штабу авіяцыйнай эскадрыльлі авіяцыйнай групы Дзьмітры Г., 1978 году нараджэньня;
штурман Дзяніс Г., 1982 году нараджэньня;
штурман Дынар Н., 1985 году нараджэньня;
інжынэр па авіяцыйным узбраеньні гэтага палку Яўген П., 1980 году нараджэньня.