Журналісты амэрыканскага выданьня The New York Times ў сваім расьсьледаваньні прыйшлі да высновы, што выканаўцамі масавых забойстваў мірных жыхароў у Бучы Кіеўскай вобласьці былі вайскоўцы 234-га дэсантна-штурмавога палка пад камандаваньнем падпалкоўніка Арцёма Гарадзілава.
Восем месяцаў журналісты выданьня зьбіралі доказы датычнасьці расейскіх вайскоўцаў да масавых расстрэлаў жыхароў Бучы. Сабраныя імі доказы паказваюць, што забойствы мірных жыхароў былі часткай наўмысных і сыстэматычных намаганьняў расейцаў «прарвацца» ў Кіеў.
«Расейскія салдаты дапытвалі і каралі бяззбройных мужчын і забівалі людзей, якія выпадкова пераходзілі ім дарогу — дзяцей, якія ўцякалі з сем’ямі, мясцовых жыхароў, якія спадзяваліся знайсьці ежу, людзей, якія проста спрабавалі дабрацца дадому на роварах», — піша NYT.
У Бучы журналісты правялі некалькі месяцаў пасьля адступленьня расейскіх войскаў. Яны апыталі мясцовых жыхароў, сабралі запісы з камэр назіраньня і атрымалі эксклюзіўныя кадры зь дзяржаўных крыніц.
Затым прааналізавалі матэрыялы і з дакладнасьцю да хвіліны рэканструявалі забойствы людзей на вуліцы Яблунскай, якую мясцовыя жыхары цяпер называюць «дарогай сьмерці». Сярод доказаў датычнасьці 234-га дэсантна-штурмавога палка — запісы тэлефонных размоваў і расшыфраваныя пазыўныя камандзіраў на расейскіх радыёканалах.
Нягледзячы на тое, што ў Бучы знаходзіліся розныя расейскія вайсковыя часткі, а колькасьць забітых мірных жыхароў перавышае 400 чалавек, галоўным вінаватым у забойствах на вуліцы Яблунскай журналісты называюць менавіта 234-ы дэсантны полк, які базуецца ў расейскім горадзе Пскове. Журналісты паказваюць на адпаведную вайсковую тэхніку, уніформу, радыёстанцыі і ўпаковачныя талёны на скрынях з боепрыпасамі.
«Жыхары Бучы казалі, што калі расейскія вайскоўцы іх дапытвалі, у іх часта адбіралі тэлефоны. Падазраючы, што вайскоўцы таксама маглі забраць тэлефоны пацярпелых, нашы журналісты атрымалі ад украінскіх уладаў базу ўсіх званкоў і паведамленьняў, якія паступалі з Бучанскага раёнау ў Расею цягам сакавіка. Апытваючы сваякоў ахвяраў, мы зьбіралі іх тэлефоны і правяралі, ці ёсьць яны ў базе. Паўстала жахлівая карціна: салдаты рэгулярна выкарыстоўвалі тэлефоны ахвяр, каб тэлефанаваць дадому ў Расею, часта празь некалькі гадзін пасьля іх забойства», — піша NYT.
Прааналізаваўшы тэлефонныя нумары расейскіх вайскоўцаў і выявіўшы профілі ў сацыяльных сетках, зьвязаныя з членамі іх семʼяў, СМІ ідэнтыфікавалі два дзясяткі дэсантнікаў, якія ўваходзілі ў склад 234-га палка.
«У многіх выпадках мы апытвалі іхных сваякоў і прама размаўлялі зь некаторымі вайскоўцамі, двое з якіх пацьвердзілі, што яны былі ў 234-м палку і знаходзіліся ў Бучы», — адзначылі журналісты.
Таксама яны ідэнтыфікавалі тры дзясяткі ахвяраў расейскіх злачынстваў, асноўнай прычынай сьмерці якіх сталі агнястрэльныя раненьні.
Забойствы мірных жыхароў у Бучы, як адзначаецца ў расьсьледаваньні, не былі выпадковымі актамі гвалту. Ахвяры на вуліцы Яблунскай не загінулі ў перакрыжаваным агні расейскіх і ўкраінскіх войскаў і не былі памылкова расстраляныя падчас баявых дзеяньняў.
«Расейскія войскі іх наўмысна забілі, імаверна, у межах сыстэматычнай зачысткі, каб забясьпечыць шлях да сталіцы. Дзясяткі мірных жыхароў былі расстраляныя. У іншых выпадках мужчын, падазраваных у сувязях з украінскімі вайскоўцамі, затрымлівалі і забівалі», — піша NYT.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расейскі вайсковец, які ваяваў у Бучы, уцёк у Гішпанію і заявіў пра гатоўнасьць сьведчыць аб ваенных злачынствах РасеіЖурналісты змаглі таксама ідэнтыфікаваць асобу камандзіра 234-га палка падпалкоўніка Арцёма Гарадзілава. Паводле сьледзтва, ён кіраваў дзеяньнямі расейскага дэсанту ў Бучы. Яго знаходжаньне ў гэтым горадзе пацьвярджаюць запісы камэр відэаназіраньня, а таксама два вайскоўцы гэтага палка, якія знаходзіліся ў горадзе. Таксама яго зафіксавалі ў Бучы, дзе ён разам з двума іншымі вайскоўцамі хадзіў па вуліцах каля целаў забітых украінцаў.
Доказам датычнасьці расейскіх дэсантнікаў 234-га палка да зьверстваў у Бучы стала сымболіка на вайсковай тэхніцы, якую яны спрабавалі схаваць, дакумэнтацыя, пакінутая ў горадзе, і асабістыя справы захопнікаў. У прыватнасьці, у адным з дакумэнтаў пазначаны нумар вайсковай часткі пскоўскіх дэсантнікаў — в/ч 74268. Яны таксама пакінулі пасьля сябе шаўрон свайго палка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прэзыдэнт Украіны: расейцы пакінулі пасьля сябе на Херсоншчыне такія ж зьверствы, як і ў іншых рэгіёнахДругога красавіка Кіеўшчыну вызвалілі ад расейскіх войскаў. Пасьля адступленьня расейскіх вайскоўцаў у вызваленых гарадах і вёсках зафіксавалі масавыя забойствы мірнага насельніцтва. Найбольш масавыя — у Бучы.
Крэмль «катэгарычна адхіляе любыя абвінавачаньні ў забойствах мірных жыхароў», хоць факты забойства падчас расейскай акупацыі былі пацьверджаны спадарожнікавымі здымкамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расьсьледаваньне: катаваньні цывільных у Кіеўскай вобласьці былі загадам расейскага камандаваньня, а не ініцыятывай салдатаўВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.