Грамадзянская супольнасьць ва ўяўленьні Лукашэнкі — гэта вяртаньне ў савецкія часы

Сілавікі апячатваюць сядзібу БАЖ пасьля ператрусу. Менск, 2021 год

Фактычна існаваньне грамадзянскай супольнасьці цяпер будзе забаронена на заканадаўчым узроўні. Тое, што апошнія два гады было зроблена дэ-факта, цяпер фіксуецца дэ-юрэ.

Сьцісла:

  • Паняцьце «грамадзянская супольнасьць» — неад’емны элемэнт заходняй палітычнай культуры.
  • Як у савецкія часы: грамадзкія арганізацыі бачацца як дадатак да дзяржаўных органаў, як інструмэнт у іхных руках дзеля кантролю над грамадзтвам.
  • Рэальна незалежныя ад дзяржавы супольнасьці ў такой сыстэме дзейнічаць не могуць.
  • У выбарах дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу могуць удзельнічаць толькі прадстаўнікі абдзяржаўленых арганізацыяў.

З 2020 году ў Беларусі пасьлядоўна вынішчаецца грамадзянская супольнасьць. За гэты час былі зьліквідаваныя 1102 грамадзкія арганізацыі. Яшчэ 699 у працэсе прымусовай ліквідацыі. 403 арганізацыі прынялі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі пад ціскам уладаў.

І толькі цяпер пад гэты працэс падводзіцца заканадаўчая база. Апублікавалі праект закону «Аб асновах грамадзянскай супольнасьці». Зь яго вынікае, што ў праўным рэгуляваньні дзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў Беларусь адкінутая больш чым на 30 гадоў назад — у савецкія часы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка пра новы закон аб палітычных партыях: «Трэба ачысьціцца ад выпадковых спадарожнікаў»

Дарэчы, у СССР такога тэрміну, як «грамадзянская супольнасьць», не існавала. Затое шырока выкарыстоўвалася паняцьце «грамадзтва», якое фактычна атаясамлялася з паняцьцем «дзяржава». У таталітарнай сыстэме дзяржава паглынае грамадзтва, яны існуюць у неразрыўным сымбіёзе, усе грамадзкія арганізацыі ёсьць толькі прыдаткам дзяржаўных інстытутаў. І калі падчас гарбачоўскай перабудовы зьявіліся сапраўды незалежныя ад дзяржавы структуры, афіцыйныя СМІ называлі іх «нефармаламі» і вялі зь імі барацьбу. Бо не разумелі, як гэта можа нешта існаваць па-за дзяржаўным кантролем. І вось гісторыя паўтараецца, але ўжо ў выглядзе фарсу.

Увогуле паняцьце «грамадзянская супольнасьць» — неад’емны элемэнт заходняй палітычнай культуры, эўрапейскіх каштоўнасьцяў, неабходная складовая частка дэмакратычных інстытутаў. Безь вялізнага канглямэрату недзяржаўных арганізацыяў дэмакратыя ня можа функцыянаваць.

Але цяпер у Беларусі эўрапейская дэмакратыя абвешчаная варожай ідэяй, якая супярэчыць «традыцыйным каштоўнасьцям». У згаданым законапраекце тэрмін «грамадзянская супольнасьць» захаваўся, але яму надаецца зусім іншы сэнс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Апублікавалі праект закону «Аб асновах грамадзянскай супольнасьці». Пры гэтым больш за тысячу арганізацый зьліквідавалі

У заходнім палітычным дыскурсе грамадзянская супольнасьць — інстытут самаарганізацыі грамадзянаў, мэханізм кантролю за ўладай, зваротнай сувязі паміж уладай і грамадзтвам, нават элемэнт пярэчаньня дзяржаве. Грамадзкія інстытуты, паводле азначэньня, не засноўваюцца зьверху, а ўзьнікаюць спантанна, добраахвотна, у выніку свабоднага ўзаемадзеяньня грамадзянаў, якія перасьледуюць розныя індывідуальныя мэты. Яны працуюць адпаведна прынцыпу зьнізу ўверх, даводзячы свае пажаданьні ўладам.

У законапраекце задачамі грамадзянскай супольнасьці названыя забесьпячэньне народнага адзінства, «незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці Рэспублікі Беларуси і дзяржаўнага сувэрэнітэту». І самае галоўнае — «рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі». А таксама «патрыятычнае выхаваньне» і іншыя задачы. То бок на грамадзкія арганізацыі ўскладаюцца функцыі дзяржаўных інстытутаў.

Гэта значыць, што, як у савецкія часы, грамадзкія арганізацыі бачацца як дадатак да дзяржаўных органаў, інструмэнт у іхных руках дзеля кантролю над грамадзтвам. Яны працуюць адпаведна прынцыпу зьверху ўніз, бо закліканыя даводзіць да народу дзяржаўныя ўстаноўкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Маніторынг Lawtrend: За два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый

У рамках такой сыстэмы могуць існаваць толькі абдзяржаўленыя арганізацыі, якія дзеля маскаваньня будуць называць структурамі грамадзянскай супольнасьці. Рэальна незалежныя ад дзяржавы супольнасьці ў такой сыстэме дзейнічаць ня могуць. То бок фактычна існаваньне грамадзянскай супольнасьці цяпер будзе забароненае на заканадаўчым узроўні. Тое, што апошнія два гады было зроблена дэ-факта, цяпер фіксуецца дэ-юрэ.

А тое, што ў выбарах дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу могуць удзельнічаць толькі прадстаўнікі гэтых абдзяржаўленых арганізацый, лягічна выцякае з самога канцэпту, які ляжыць у аснове законапраекту «Аб асновах грамадзянскай супольнасьці». Чужыя тут ня ходзяць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.