Расея наступае ў Данецкай вобласьці, ля Бахмуту ідуць найбольш складаныя баі

Падчас баёў на ўсходзе Ўкраіны

Выведка Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі не выключае, што Расея перакіне свае войскі з херсонскага кірунку ў Данецкую вобласьць, каб узмацніцьнаступальныя апэрацыі ў раёне гораду Бахмут.

«Імаверна, што Расея ўрэшце паспрабуе перадысьлякаваць частку сілаў, выведзеных з Херсону, каб узмацніць і пашырыць свае наступальныя апэрацыі ў раёне гораду Бахмут Данецкай вобласьці», — адзначаюць у паведамленьні.

Брытанская выведнікі таксама зьвяртаюць увагу на тое, што Расея працягвае ўмацоўваць абаронныя пазыцыі на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласьці, а гэта можа сьведчыць аб іхных асьцярогах што да магчымага прарыву ўкраінскіх войскаў.

«Пабудаваныя новыя сыстэмы траншэяў ля мяжы з Крымам, а таксама ў раёне ракі Северскі Данец паміж Данецкай і Луганскай вобласьцямі. Некаторыя з гэтых месцаў на адлегласьці да 60 кілямэтраў ад цяперашніх ліній фронту; гэта сьведчыць, што расейскія войскі рыхтуюцца на выпадак далейшых вялікіх украінскіх прарываў», — адзначылі ў вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Выйшлі з двара і аўтаматамі машыну сына ва ўпор расстралялі». Жыхары вызваленай Балаклеі пра расейскую акупацыю. ФОТА, ВІДЭА

Што кажуць у Генэральным штабе Ўкраіны

Раён гораду Бахмут у Данецкай вобласьці застаецца фактычна адзіным месцам, дзе расейскія войскі ўжо некалькі тыдняў не спыняюць спробаў наступу.

«Праціўнік канцэнтруе намаганьні на стрыманьні дзеяньняў Сілаў абароны на асобных кірунках і працягвае абсталёўваць абаронныя рубяжы на левым беразе Дняпра. У той жа час вядзе наступальныя дзеяньні на бахмуцкім, аўдзееўскім і новапаўлаўскім кірунках. Стала вядзе паветраную выведку», — паведаміў сьпікер Генэральага штабу Ўкраіны Аляксандар Штупун раніцай 18 лістапада.

Руіны ў горадзе Бахмут, жнівень 2022

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Выведка Вялікай Брытаніі: Расеі бракуе боепрыпасаў і жывой сілы для рэалізацыі апэратыўных плянаў ва Ўкраіне

Чаму кантроль над Бахмутам важны

Горад Бахмут Данецкай вобласьці ёсьць стратэгічна важным пунктам для абодвух бакоў. Для Расеі захоп гораду створыць новыя магчымасьці выходзіць на адміністрацыйныя межы Данецкай вобласьці. Ад гэтай мэты расейскія войскі яшчэ не адмовіліся.

Для ўкраінскага войска кантроль над Бахмутам ёсьць часткаю вялікай лініі абароны, створанай за апошнія восем гадоў, каб абараніцца ад наступу расейцаў.

Як сьцьвярджаюць вайскоўцы, у гэтым горадзе адбываюцца настолькі інтэнсіўныя баявыя дзеяньні, што ўжо не засталося ніводнага ўцалелага будынку. Цяпер Расея кінула туды падразьдзяленьні прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр».

У адказ на спробы расейцаў наступаць украінскія войскі контратакуюць, адкідваючы іх назад.

Украінскія вайскоўцы артылерыйскага падразьдзяленьня абстралялі расейскія пазыцыі пад Бахмутам Данецкай вобласьці, 8 лістапада 2022 года

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Значная частка беларусаў з задавальненьнем глядзела, як праз нашу тэрыторыю ішлі расейцы на Ўкраіну». Гутарка з байцом палку «Пагоня»

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.