Украінскі міліцыянт каля зьнішчанай расейскай бронетэхнікі на ўскраіне гораду Ліман, Данецкая вобласьць, 5 кастрычніка 2022 году
У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі адзначылі, што Расея ўсё яшчэ ажыцьцяўляе тактычныя наступальныя дзеяньні, але зь ліпеня захапіла няшмат населеных пунктаў Украіны, калі такія ўвогуле былі.
«Тым ня менш сілы пад кіраўніцтвам прыватнай ваеннай кампаніі „Вагнэр“ дасягнулі некаторых лякальных посьпехаў на Данбасе: „Вагнэр“, падобна, па-ранейшаму актыўна ўдзельнічае ў баях за Бахмут», — паведамілі ў брытанскай выведцы.
На думку выведнікаў Вялікай Брытаніі, Расея, хутчэй за ўсё, разглядае захоп Бахмута як папярэдні крок для наступу на лініі Краматорск — Славянск, найбуйнейшых населеных пунктаў Данецкай вобласьці, якія застаюцца пад кантролем Украіны.
«Расея працягвае праводзіць наступальныя апэрацыі ў цэнтры Данбасу і вельмі марудна дабіваецца прагрэсу. Аднак яе агульны апэратыўны плян падарваны ціскам Украіны на паўночным і паўднёвым флянгах [Данбасу], а таксама сур’ёзным недахопам боепрыпасаў і жывой сілы», — мяркуюць у вайсковай выведцы Вялікабрытаніі.
Недахоп рэсурсаў прымусіць Расею часова спыніць наземны наступ
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што ўсё большае пагаршэньне маральнага духу, дысцыпліны і баяздольнасьці расейскіх войскаў у зонах баявых дзеяньняў ва Ўкраіне можа прывесьці да часовага прыпыненьня наступальных апэрацый на абмежаваных тэрыторыях.
Напярэдадні Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што асобныя расейскія падразьдзяленьні на Данбасе пачалі атрымліваць загады ад камандаваньня часова спыніць наступальныя дзеяньні з прычыны надзвычай нізкага маральна-псыхалягічнага стану, высокай колькасьці дэзэртырства і невыкананьня баявых загадаў.
«Відавочнае прыпыненьне наступальных апэрацый у раёнах Данецкай вобласьці, амаль адзіных раёнах ва Ўкраіне, дзе расейскія войскі вядуць наступальныя апэрацыі, яшчэ больш ускладніць намаганьні Расеі захапіць дадатковыя тэрыторыі і, пэўна, яшчэ больш паспрыяе дрэннаму баявому духу і агульнаму зьнясіленьню баявых дзеяньняў», — адзначылі экспэрты ISW у сваёй справаздачы.