Дзярждэпартамэнт ЗША: Расея хоча пакінуць Украіну замярзаць зімой

Выгляд Кіева позна ўвечары 11 кастрычніка 2022 году падчас адключэньня электраэнэргіі ў некаторых раёнах  сталіцы пасьля ракетных абстрэлаў крытычна важнай інфраструктуры.
Выгляд Кіева позна ўвечары 11 кастрычніка 2022 году падчас адключэньня электраэнэргіі ў некаторых раёнах сталіцы пасьля ракетных абстрэлаў крытычна важнай інфраструктуры.

У ведамстве назвалі апошнія ракетныя ўдары па Ўкраіне «прыкметамі слабасьці і роспачы».

Амэрыканскі Дзярждэпартамэнт заявіў, што апошнія расейскія ракетныя ўдары, мяркуючы па ўсім, былі накіраваныя на зьнішчэньне электрычных сетак, ацяпляльнай і энэргетычнай інфраструктуры і могуць пакінуць Украіну безь цяпла і сьвятла на фоне набліжэньня зімы.

«Мы заўсёды казалі, што гэта жорсткая агрэсіўная вайна, і гэтыя ўдары, выглядае, сьведчаць аб тым, што іх сэнс у жорсткасьці і толькі жорсткасьці, — заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс. — Напады Крамля былі жорсткімі і абсалютна неапраўданымі, але яны таксама зьяўляюцца прыкметамі слабасьці і роспачы».

Прайс заявіў, што ў гэтай вайне ёсьць толькі адзін агрэсар — Расея.

«Толькі Расея разьдзімае гэтую вайну ў пошуках выгады і амбіцый, пакідаючы за сабой сьмерць, разбурэньні, злачынствы і растаптаную будучыню незьлічонага мноства людзей, — адзначыў ён. — Ёсьць адзін чалавек, які можа спыніць гэтую вайну цяпер і вывесьці расейскія войскі, і гэта, вядома, Уладзімір Пуцін».

​
XS
SM
MD
LG