Маючы досьвед падобнага дасьледаваньня баявых дзеяньняў у Аўганістане і на Блізкім Усходзе, ISW дае свае ацэнкі разьвіцьця сытуацыі на ўкраінскіх франтах, якія часьцяком спраўджваюцца.
Да прыкладу, 30 верасьня аналітыкі ISW спрагназавалі вызваленьне Лімана на працягу 72 гадзін, а 2 кастрычніка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што горад цалкам «зачышчаны». У сярэдзіне верасьня інстытут дапусьціў вяртаньне Херсону ў бліжэйшыя некалькі тыдняў. Тады расейскія прапагандысты высьмеялі гэтую заяву. 14 лістапада Зяленскі выступіў у Херсоне з прамовай перад украінскімі вайскоўцамі, якія вызвалялі горад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Херсонскай вобласьці знайшлі тры катоўні і задакумэнтавалі больш як 400 злачынстваў расейскіх вайскоўцаўАналітык ISW Кацярына Сьцепаненка (нарадзілася ў Кіеве, жыве і працуе ў ЗША) у інтэрвію карэспандэнту Каўказ.Рэаліі Андрэю Красно адказала на пытаньні аб працягу вайны ва Ўкраіне і аб ролі ў ёй кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава, а таксама аб вялікіх стратах сярод байцоў з нацыянальных рэспублік Расейскай Фэдэрацыі.
— ISW дастаткова дакладна спрагназаваў магчымы пачатак гэтай вайны. Якія ацэнкі вы даяце сёньня?
— Паводле ацэнкі ISW, прэзыдэнт Пуцін яшчэ не адмовіўся ад максымалісцкіх мэтаў па акупацыі ўсёй Украіны і капітуляцыі ўраду ў Кіеве. Яго дзеяньні — абвяшчэньне частковай мабілізацыі і перастаноўкі ў найвышэйшым ваенным камандаваньні — паказваюць, што ён не плянуе адмаўляцца ад вайны.
Асабісты фактар Пуціна, яго бачаньне вайны і яе ідэалягічных мэтаў, безумоўна, граюць ролю ў выніку. Тым ня менш, расейскае войска працягне сутыкацца з сурʼёзнымі праблемамі пры вядзеньні вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Інстытут вывучэньня вайны: Украіна прадоўжыць контранаступальныя апэрацыі, нягледзячы на зіму— Сярод прадстаўнікоў нацыянальных рухаў з субʼектаў РФ ёсьць меркаваньне, што вайна вядзецца выключна за кошт «нятытульных» народаў. У Элісьце праходзяць пікеты супраць мабілізацыі калмыкаў, грамадзкія дзеячы Кабардзіна-Балкарыі заявілі аб пагрозе генафонду, перад гэтым у Махачкале і Нальчыку прайшлі мітынгі з агульным пасылам — не чапайце нашых. З гэтага трэба рабіць высновы?
— Ёсьць некаторыя паведамленьні расейскіх апазыцыйных выданьняў і заходніх крыніцаў, у якіх падлічана: рэгіёны з этнічнымі меншасьцямі панесьлі найбольшую колькасьць стратаў [у працэнтных суадносінах да насельніцтва] падчас вайны. Неабвержна даказаць такую ацэнку складана, улічваючы, што ў нас няма дакладных зьвестак нават пра агульныя пацьверджаныя страты.
Улады таксама рэклямуюць добраахвотную службу ў гэтых [паўночнакаўкаскіх] рэгіёнах значна больш, чым у Маскве і Санкт-Пецярбургу. Можна меркаваць, што Крэмль выбудаваў герархію сацыяльнай важнасьці, зыходзячы зь якой з этнічнымі меншасьцямі і байцамі «ДНР/ЛНР» ён часьцей абыходзіцца як з гарматным мясам. Тут можа быць і іншы фактар: нацыянальныя рэспублікі — адны з самых бедных у краіне, і завэрбаваць тут кантрактнікаў лягчэй дзякуючы фінансаваму фактару.
Вэрбоўка мужчын з самых бедных рэгіёнаў дазволіла Крамлю пазьбегнуць выкліканых масавай гібельлю кантрактнікаў пратэстаў у Маскве і Санкт-Пецярбургу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Інстытут вывучэньня вайны назваў расейскую агрэсію супраць Украіны генацыдам— Чаму Рамзан Кадыраў стаў адным з галоўных ньюсмэйкераў гэтай вайны?
— Першапачаткова Мінабароны Расеі адлюстроўвала гэтую вайну свайго кшталту «лебядзіным возерам». Афіцыйнае асьвятленьне было засяроджана на абмежаваным кантэнце зь невялікай колькасьцю кадраў непасрэдна зь перадавой. У той час як чыноўнікі Мінабароны прытрымліваліся такога бачаньня інфармацыйнага суправаджэньня вайны, Кадыраў і блізкія да яго сілавікі, усьведамляючы значнасьць для спэцапэрацыі (гэтак улады Расеі афіцыйна называюць уварваньне на тэрыторыю Ўкраіны. — РС), пачалі рэклямаваць свае сілы. Менавіта гэты піяр пры абмежаваным асьвятленьні вайны Міністэрствам абароны дазволіў яму атрымаць папулярнасьць.
— Наконт ролі кадыраўцаў у гэтай вайне ёсьць супрацьлеглыя ацэнкі. Якой прытрымліваецеся вы?
— На пачатку вайны кадыраўцы ў асноўным вялі баі ў гарадах, але незразумела, удзельнічалі яны проста ў зачыстцы ці сапраўды ваявалі за іх. Цяпер, паводле слоў украінскіх асобаў, яны дзейнічаюць у тыле, каб ахоўваць расейскія сілы. Паўтаруся — незразумела, ці былі кадыраўцы той штурмавой сілай, як пра гэта заяўляе кіраўнік Чачні.
За мінулыя месяцы кадыраўскія падразьдзяленьні выконвалі «паліцэйскую» ролю і, як паведамляецца, зараз дзейнічаюць на поўнач ад Крамянной-Сватава і на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласьці, дзе займаюцца аховай дэзэртэраў. Кадыраўцы таксама адыгралі сваю ролю ў гарадзкіх баях, у такіх месцах як Севераданецк і Марыюпаль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кадыраў прызнаў гібель 23 чачэнскіх байцоў у выніку ўдару УСУ— Прайшло амаль два месяцы з пачатку частковай мабілізацыі ў Расеі. Як яна паўплывала на сытуацыю на фронце?
— Цяпер расейскія сілы ўзмацняюць мабілізаванымі людзьмі некаторыя пазыцыі на ўсходзе і поўдні Ўкраіны. Расейскія тэлеграм-каналы часта публікуюць відэа дэмаралізаваных мужчын на лініі фронту Крамянная — Сватава, а некаторыя расейскія апазыцыйныя выданьні нават паведамлялі, што расейскія сілы адкрылі ў Перавальску сьледчы ізалятар для тых мабілізаваных, якія адмовіліся ехаць ваяваць.
Расейскія сілы таксама перакідаюць мабілізаваных у правабярэжную Херсонскую вобласьць і, як паведамляецца, перакінулі яшчэ нейкую колькасьць людзей для штурму пазыцый у раёне Бахмута і Паўлаўкі. Хоць гэтыя падмацаваньні дапамаглі ўмацаваць некаторыя межы, камандаваньне пасьпешліва кідае гэтых людзей на штурмавыя апэрацыі бяз значнай падрыхтоўкі ці рыштунку. Пры гэтым малаверагодна, што мабілізаваныя змогуць заняць значную тэрыторыю.
— Калі ўяўленьне пра расейскія войскі як пра «другое войска сьвету» было мітам, чаму Пуцін пачаў вайну?
— Лічу, што Пуцін быў перакананы ў моцы сваёй арміі. Цэтлік «другое войска ў сьвеце», хутчэй за ўсё, адносіцца да мільёнаў рэзэрвістаў, бо ў Расеі існуе прызыўная сыстэма. Але гэтыя рэзэрвісты, як паказала мабілізацыя, часьцяком небаяздольныя і не зацікаўленыя ў вайсковай службе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ПВК «Вагнэра» пакарала сьмерцю былога зьняволенага, які перайшоў на бок Украіны— Як вы ацэньваеце ролю і юрыдычны статус так званай «ЧВК Вагнэра», якая ўдзельнічае ў гэтай вайне?
— Расейскія крыніцы называюць «ЧВК Вагнэра» ўдарнай сілай, якая дзейнічае на бахмуцкім кірунку. Гэтыя часткі крыху прасунуліся ў гэтым раёне, але нават [кіраўнік «ЧВК Вагнэра»] Прыгожын прызнаў, што іх прасоўваньне складае ад 100 да 200 мэтраў у дзень. Гэтыя часткі прасоўваюцца да Бахмута з чэрвеня, што толькі паказвае маштаб іх прасоўваньня за чатыры-пяць месяцаў.
Прыгожын, безумоўна, дамагаецца, каб «ЧВК Вагнэра» стала прыкметнай сілай у Расеі, — адкрыты Вагнэр-цэнтар у Санкт-Пецярбургу, пабудаваны фартыфікацыйны праект «лінія Вагнэра» ў Белгарадзкай вобласьці і сфармаваныя незалежныя ад узброеных сілаў «народныя апалчэньні» у Белгарадзкай і Курскай абласьцях. Крэмль на гэты момант ня ўмешваецца, таму незразумела, ці трэба яму будзе пазьней легалізаваць «ЧВК Вагнэра».
— Так званая партыя вайны канчаткова перамагла ў Расеі?
— Праваенная фракцыя мае тыя ж максымалісцкія мэты, што і Пуцін. Відаць, менавіта таму яна яму падышла. Некаторыя члены «партыі вайны» усё больш незадаволеныя афіцыйным Міністэрствам абароны і іншымі ваеннымі сіламі. Хоць яны яшчэ наўпрост не крытыкавалі Пуціна, але крытыкуюць узброеныя сілы і высокапастаўленых камандзіраў, такіх як генэрал Лапін (быў зьняты з пасады камандуючага групоўкай расейскіх войскаў «Цэнтар», перад гэтым зазнаў крытыку з боку Прыгожына і Кадырава. — РС).
— Якія сцэнары працягу вайны найбольш верагодныя?
— Я магу гаварыць толькі пра зафіксаваныя намі тэндэнцыі. Найбольш верагодным сцэнарам зьяўляецца тое, што расейскія сілы будуць працягваць сутыкацца з пастаяннымі праблемамі асабовага складу, лягістыкі і маральнага духу. Вайна, верагодна, працягнецца да 2023 году, а ўкраінскія сілы захаваюць ініцыятыву ў правядзеньні далейшых контранаступаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пуцін зьмяніў парадак вайсковай службы ў Расеі, дазволіўшы іншаземцам служыць паводле кантракту- Інстытут вывучэньня вайны — няўрадавая арганізацыя, якая займаецца аналізам і дасьледаваньнямі ваенных канфліктаў, пытаньняў абароны і замежных спраў. ISW выпусьціў справаздачы пра войны ў Сырыі, Афганістане і Іраку. Заснаваны ў 2007 годзе доктарам Кімбэрлі Каган. Мапы ISW аб расейскім уварваньні ва Ўкраіну ў 2022 годзе былі перавыдадзеныя Reuters, Financial Times, BBC, The Guardian, The New York Times, The Washington Post, і The Independent і іншымі СМІ.
- Кацярына Сьцепаненка — аналітык па Расеі і Ўкраіне ў Інстытуце вывучэньня вайны. Народжаная ў Кіеве, яна сканцэнтравала навуковыя інтарэсы на вывучэньні наступстваў расейскай гібрыднай і дэзынфармацыйнай вайны для Ўкраіны. Вывучала пытаньні Эўропы і Эўразіі ў Школе міжнародных адносін Унівэрсытэту Джорджа Вашынгтона (ЗША).
- Раней Інстытут вывучэньня вайны заяўляў пра раскол расейскай інфармацыйнай прасторы на два лягеры, выкліканы публічнай крытыкай кіраўніком Чачні Рамзанам Кадыравым дзеяньняў расейскага Генштабу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Выведка Вялікай Брытаніі: Расея ня можа аднавіць перавагі ў паветры на вайне з УкраінайВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.