Масавыя пахаваньні забітых падчас расейскай акупацыі Ізюма Харкаўскай вобласьці. 15 верасьня 2022
У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны (ISW) мяркуюць, што заявы прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна аб непрызнаньні існаваньня ўкраінскага народу як асобнай нацыі дазваляюць разглядаць расейскую вайну супраць Украіны як генацыд нацыянальнай групы і жаданьне зьнішчыць Украіну як дзяржаву.
«Паўтарэньне Пуціным наратыву пра тое, што Ўкраіна і Расея — гэта адзіны народ, падзелены на розныя дзяржавы адвольнымі гістарычнымі абставінамі, паказвае на яго нязьменную мэту зьнішчыць украінскую дзяржаву і сьцерці паняцьце ўкраінскага народу», — мяркуюць экспэрты ISW.
Паводле іх, шматлікія ўмоўныя словы ў выказваньнях Пуціна, сказаныя 27 кастрычніка на Валдаі, сьведчаць пра тое, што ён адмаўляе існаваньне незалежнай украінскай нацыянальнай ідэнтычнасьці.
«Гэтыя заявы, разам зь іншымі дзеяньнямі Расеі, павінны выклікаць сур’ёзныя разважаньні над пытаньнем, ці не зьяўляецца вайна Расеі супраць Украіны генацыдам, паколькі генацыд юрыдычна вызначаецца як «дзеяньні, учыненыя з намерам зьнішчыць цалкам або часткова нацыянальную, этнічную, расавую або рэлігійную групу», — адзначаецца ў справаздачы Інстытуту вывучэньня вайны.
Уладзімір Пуцін 27 кастрычніка выступіў на пленарным пасяджэньні штогадовага сходу дыскусійнага клюбу «Валдай». Тэма сустрэчы — «Сьвет пасьля гегемоніі: справядлівасьць і бясьпека для ўсіх». На гэтым сходзе расейскі прэзыдэнт паўтарыў раней вядомыя выказваньні пра «дапамогу Данбасу», пра тое, што «Ўкраіна і Расея — адзін народ», і пра Ўкраіну як «штучную дзяржаву».
«Учынены там дзяржаўны пераварот прывёў да ваеннай спэцыяльнай апэрацыі Расеі ва Ўкраіне», — сказаў Пуцін.