Выведка Вялікай Брытаніі: Расея ня можа аднавіць перавагі ў паветры на вайне з Украінай 

Украінскі вайсковец у акопах у Запароскай вобласьці
Украінскі вайсковец у акопах у Запароскай вобласьці

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што брак перавагі Расеі ў паветры вынікае з стратаў — і баявой авіяцыі, і падрыхтаваных экіпажаў.

У той жа час брытанскія выведнікі ня могуць пацьвердзіць лічбы расейскіх авіястратаў, агучаных вайсковым кіраўніцтвам Украіны. Галоўнакамандуючы войска Ўкраіны Валер Залужны 3 лістапада заявіў, што Расея страціла ўва Ўкраіне сваёй авіяцыі больш, чым у часе савецкай вайны ў Афганістане.

«Нягледзячы на тое, што мы ня можам незалежна праверыць гэтыя лічбы, брак перавагі Расеі ў паветры, імаверна, пагаршаецца дрэннай падрыхтоўкай, стратай дасьведчаных экіпажаў і павышанымі рызыкамі непасрэднай падтрымкі з паветра ў зонах шчыльнай супрацьпаветранай абароны», — адзначылі ў выведцы Вялікай Брытаніі.

У брытанскай выведцы мяркуюць, што такая сытуацыя наўрад ці зьменіцца ў бліжэйшыя некалькі месяцаў.

«Страты расейскіх самалётаў, хутчэй за ўсё, значна перавышаюць іхныя магчымасьці вырабляць новыя самалёты. Час, патрэбны для рыхтаваньня кампэтэнтных пілётаў, яшчэ больш зьніжае здольнасьць Расеі аднавіць баявы патэнцыял», — адзначылі ў выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі.

Інстытут вывучэньня вайны: Расея скарачае ядзерную рыторыку

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) зьвяртаюць увагу, што кіраўніцтва Расеі зьменшыла выкарыстаньне рыторыкі наконт выкарыстаньня ядзернай зброі.

У Інстытуце вывучэньня вайны мяркуюць, што заявы пра магчымае выкарыстаньне ядзернай зброі былі дзеля прымушэньня Ўкраіны да перамоваў.

Як адзначаецца ў справаздачы Інстытуту, выкарыстаньне Расеяй ядзернай зброі застаецца малаімаверным, і Крэмль цяпер зьмяншае сваю ядзерную рыторыку.

У ISW не выключаюць, што Крэмль растлумачыў сваю ядзерную палітыку ў часе кантактаў дарадцы ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джэйкам Саліванам з памочнікам расейскага прэзыдэнта ў замежнай палітыцы Юрыем Ушаковым і сакратаром Савету бясьпекі Расеі Нікалаем Патрушавым.

Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны не выключаюць, што Крэмль можа зноў вярнуцца да ядзернай рыторыкі, каб прымусіць ЗША і іх хаўрусьнікаў ціснуць на Ўкраіну, каб тая пачала перамовы з Расеяй.

«Украіна і яе міжнародныя партнэры дакладна далі зразумець, што яны не пагодзяцца на перамовы пад руляй пісталета і не адмовяцца ад сувэрэннага права Ўкраіны на свае тэрыторыі», — паведамілі экспэрты.

​
XS
SM
MD
LG