У верасьні беларускія ўлады абвесьцілі, што ў краіне створаць сумесную з Расеяй групоўку войскаў. Прычына — «неабходнасьць супрацьстаяць агрэсіўным намерам NATO і забясьпечваць абароназдольнасьць». Неўзабаве пасьля гэтага ў Беларусь пачалі прыбываць эшалёны з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай, пераважна тэнтаванымі «КамАЗамі» для перавозкі салдат.
Дакладная колькасьць расейцаў, якія прыбылі ў Беларусь, невядомая. Паводле ўкраінскай выведкі, яна можа складаць да 20 тысяч чалавек. Іншыя крыніцы гавораць пра 3200 чалавек. На апублікаваных беларускім Мінабароны здымках з сустрэчы расейскіх эшалёнаў відаць, што расейцы прыяжджаюць бязь цяжкай тэхнікі (танкаў і браняваных машын пяхоты). Гэта пакуль выключае іх удзел у хуткім наступе на Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі. Тым часам з самой Беларусі танкі і іншую бранятэхніку разам з боепрыпасамі актыўна вывозяць у Расею.
Тысячы тон боепрыпасаў
Інфармацыя пра тое, што са складоў Мінабароны Рэспублікі Беларусь у Расею вывозяць боепрыпасы, пачала зьяўляцца адначасова з адыходам расейскіх войскаў з поўначы Украіны праз тэрыторыю Беларусі. У канцы кастрычніка праект «Беларускі Гаюн» са спасылкай на крыніцы ў «Беларускай чыгунцы» паведаміў, што з сакавіка па верасень 2022 году з Беларусі ў Расею чыгуначным транспартам вывезьлі звыш 65 тысяч тон боепрыпасаў. Як сьцьвярджае «Гаюн», узбраеньне адгружалі прыкладна з 20 чыгуначных станцый, разьмешчаных па ўсёй краіне.
Больш за ўсё боепрыпасаў адправілі зь Беларусі ў Расею са станцыі Добруш — 21 549 тон. Вялікія пагрузкі былі таксама ў Броннай гары, Асіповічах і Рэчыцы. Крыніцы ў чыгунцы не паведамляюць, былі гэта тыя боепрыпасы, якія расейцы маглі прывезьці ў Беларусь у студзені і лютым, альбо яны ад пачатку належалі беларускай арміі. Аднак сярод станцый, зь якіх, паводле «Гаюна», вялася адпраўка ўзбраеньня ў Расею, ёсьць і такія, дзе расейскіх вайскоўцаў не заўважалі — Ліда, Заслонава, Берасьце-Ўсходняе. Паводле паведамленьняў чыгуначнікаў, адгрузкі боепрыпасаў у Расею зь Беларусі працягваюцца.
Сотня танкаў і бронемашыны пяхоты
Пра тое, што Беларусь можа перадаваць Расеі ня толькі боепрыпасы, але і браняваныя машыны пяхоты (БМП), а таксама танкі, паведаміла 3 лістапада Мінабароны Вялікай Брытаніі падчас аднаго са сваіх штодзённых аглядаў. У зводцы гаворыцца аб прыкладна 100 танках, якія зь Беларусі перавезьлі ў зону баявых дзеяньняў.
На карысьць гэтага сьведчаць відавочцы, якія бачылі перавозку беларускіх танкаў на станцыі Орша ў бок Расеі. 9 кастрычніка тэлеграм-канал «Супернова-Плюс» (@supernova_plus) апублікаваў відэа з адным з такіх эшалёнаў. На кароткім роліку можна налічыць 12 танкаў Т-72А. Гэта адна зь першых вэрсій самага распаўсюджанага савецкага танка, які застаецца на ўзбраеньні ў Беларусі, Расеі і ва Ўкраіне. Пры гэтым Т-72А, які выпускалі ў першай палове 1980-х гадоў, лічыцца састарэлым, яго няма ў танкавых частках Беларусі, якая выкарыстоўвае больш сучасныя Т-72Б.
Паводле крыніц у «Беларускай чыгунцы» і тэлеграм-канала чыгуначнікаў, эшалёны зь беларускімі танкамі і іншай бранятэхнікай пачынаюць свой шлях на станцыі Ўрэчча ў Любанскім раёне. Затым праз Оршу, Смаленск, Бранск і Курск трапляюць на расейскую станцыю Валаконаўка, якая разьмешчаная на расейска-ўкраінскай мяжы.
На карысьць вэрсіі аб тым, што Беларусь перадае Расеі свае старыя танкі, якія ўжо ня будуць выкарыстоўвацца ў дзейнай арміі, сьведчыць тое, што побач са станцыяй Урэчча разьмешчана 969-я база рэзэрву танкаў Міністэрства абароны Беларусі. На ёй акурат захоўваецца старая бранятэхніка, а таксама тэхніка, якая знаходзіцца на кансэрвацыі.
Паводле праекту «Беларускі Гаюн», Беларусь перадае Расеі ня толькі танкі, але і іншую тэхніку: бронемашыны пяхоты (як мінімум 20 штук), а таксама вайсковыя грузавікі «Ўрал» савецкай вытворчасьці.
«Танкі накіроўваюцца на мадэрнізацыю»
20 кастрычніка Мінабароны Беларусі патлумачыла перавозку танкаў і іншай тэхнікі зь Беларусі ў Расею тым, што яе неабходна мадэрнізаваць. Пра гэта афіцыйнаму тэлеграм-каналу беларускага Мінабароны расказаў палкоўнік Сяргей Сахарук.
«У цяперашні час вызваленыя ўзоры ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі ў рамках Дзяржаўнай праграмы ўзбраеньня і ў адпаведнасьці з раней дасягнутымі з расейскім бокам дамоўленасьцямі накіроўваюцца на прадпрыемствы прамысловасьці для мадэрнізацыі, у тым ліку Расейскай Фэдэрацыі, — сказаў Сахарук. — Па завяршэньні мадэрнізацыі гэтыя ўзоры будуць пастаўлены як у дзейныя злучэньні і воінскія часткі, так і прызначаныя для забесьпячэньня рэзэрвовых фармаваньняў».
Аднак у Расеі не займаюцца мадэрнізацыяй танкаў Т-72А, там іх таксама даўно няма на ўзбраеньні. Паводле Мінабароны Вялікай Брытаніі, беларуская бранятэхніка і боепрыпасы могуць быць выкарыстаныя Расеяй для кампэнсацыі вялікіх стратаў, якія армія РФ ужо мае ва Ўкраіне.
Паводле выданьняў The Wall Street Journal i The New Yourk Times, Украіна захапіла ў Расеі танкаў і бранятэхнікі больш, чым сумарна атрымала ад заходніх саюзьнікаў у якасьці вайсковай дапамогі. Паводле выданьня The Insider, у выпадку працягу актыўных баявых дзеяньняў ва Ўкраіне да канца 2022 году Расея можа застацца фактычна бязь цяжкіх узбраеньняў і боепрыпасаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.