Пуцін зьмяніў парадак вайсковай службы ў Расеі, дазволіўшы іншаземцам служыць паводле кантракту

Уладзімір Пуцін

Крэмль шукае новыя спосабы найму ў расейскае войск падчас баявых няўдачаў ва Ўкраіне.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ «Аб унясеньні зьменаў у пастанову аб парадку праходжаньня вайсковай службы, зацьверджанае ўказам прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі ад 16 верасьня 1999 г. № 1237».

Пастанова вызначае парадак праходжаньня вайсковай службы ў тым ліку «грамадзянамі, якія маюць грамадзянства (падданства) замежнай дзяржавы або дазвол на жыхарства або іншы дакумэнт, што пацьвярджае права на пастаяннае жыхарства грамадзяніна на тэрыторыі замежнай дзяржавы, і замежнымі грамадзянамі — ва Ўзброеных Сілах Расейскай Фэдэрацыі...»

Такім чынам, замежным грамадзянам, у тым ліку беларусам, якія маюць, напрыклад, дазвол на жыхарства ў Расеі, будзе прасьцей заключыць кантракт з войскам РФ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міністэрства абароны Расеі паведаміла, чым займаюцца іхныя салдаты ў Беларусі

Раней Пуцін падпісаў закон, паводле якога на вайну ва Ўкраіне можна мабілізаваць грамадзян з нязьнятай або непагашанай суджанасьцю за цяжкія злачынствы. Закон ня тычыцца асуджаных, сярод іншага, за пэдафілію, тэрарызм, экстрэмізм, дзяржаўную здраду і арганізацыю незаконнага ўзброенага фармаваньня. Так пачалося вэрбаваньне зьняволеных у так званую «ПВК Вагнэра», многія зь якіх ужо загінулі ва Ўкраіне, але дакладных лічбаў стратаў няма.

Расея поўнамаштабна ўварвалася ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году. У канцы верасьня Пуцін абвясьціў мабілізацыю насельніцтва на вайну ва Ўкраіне і падпісаў адпаведны ўказ. Паводле пляну спачатку мелі прызваць 300 тысяч рэзэрвістаў.

Празь месяц міністар абароны Сяргей Шайгу паведаміў Пуціну аб выкананьні пляну мабілізацыі. Указу аб яе завяршэньні няма. Таксама Шайгу заявіў, што дадатковы прызыў не плянуецца — войскі будуць камплектавацца коштам кантрактнікаў і добраахвотнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«У жывых засталося 4 чалавекі». Мабілізаваныя з Алтая, што адступілі зь перадавой, паведамілі аб пагрозах з боку камандзіраў

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.