Расейскі вайсковец, прызваны ў рамках «частковай»
мабілізацыі
Мабілізаваныя з Алтайскага краю, якія адмовіліся вяртацца на перадавую ў зоне баявых дзеяньняў Расеі з Украінай, паведамілі аб пагрозах з боку камандзіраў і запатрабавалі сустрэчы з вайсковым пракурорам.
Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Астра» са спасылкай на аднаго з мабілізаваных.
Паводле словаў крыніцы, 35-ю брыгаду з гораду Алейску ў канцы верасьня адправілі на перадавую праз два тыдні пасьля прызыву. 25 кастрычніка брыгадзе было дадзена заданьне наступаць на сяло Неўскае ў Крамянскім раёне Луганскай вобласьці. У мабілізаваных было сем баявых машын пяхоты, толькі дзьве зь якіх заводзіліся, іншыя даводзілася штурхаць, сьцьвярджае суразмоўца «Астры».
Салдаты, як сьцьвярджае мабілізаваны, у адзін зь дзён патрапілі ў засаду і панесьлі страты. Якія менавіта — не ўдакладняецца. На наступны дзень яны «наткнуліся на больш падрыхтаваную засаду».
Камандзір загадаў адыходзіць. З 91 чалавека роты 60 адступілі ў горад Сватава ў Луганскай вобласьці. Паводле словаў мабілізаванага, на працягу наступных васьмі дзён да тых, хто адступіў, прыяжджалі прадстаўнікі камандаваньня. Яны настойвалі на вяртаньні на перадавую і запалохвалі пракуратурай, кажа суразмоўца «Астры».
Мабілізаваныя цяпер знаходзяцца ў тыле. Яны патрабуюць сустрэчы з вайсковым пракурорам, але камандаваньне яе не арганізуе, — кажа суразмоўца «Астры». Паводле яго слоў, мабілізаваныя спрабавалі запісаць відэазварот, але прыехала вайсковая паліцыя, надзела кайданкі на выступоўцаў і забрала іх.
Астатнія з роты мабілізаваныя на перадавой патрапілі пад абстрэл, іх камандзір загінуў. У жывых засталося 4 чалавекі.
Мабілізацыя ў Расеі пачалася 21 верасьня паводле ўказу прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. 4 лістапада ён заявіў, што на вайну з Украінай мабілізаваны 318 тысяч чалавек.
Фармальна мабілізацыя можа быць завершаная пасьля выхаду спэцыяльнага ўказу прэзыдэнта Расеі. 31 кастрычніка Уладзімір Пуцін заявіў, што яшчэ не падпісваў адпаведны ўказ і што ня ведае, ці патрэбны ён наогул. Пасьля было заяўлена, што не патрэбны.