Amnesty International назвала дэпартацыі Расеяй украінцаў «злачынствамі супраць чалавечнасьці»
Жыхары аточанага расейскім войскам Марыюпалю хаваюцца ад бомбаў. Сакавік 2022
Міжнародная арганізацыя Amnesty International апублікавала новую справаздачу, у якой прааналізавала факты прымусовага перамяшчэньня цывільных грамадзян з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны.
«Страшэнная расейская тактыка прымусовага перамяшчэньня і дэпартацыі — гэта ваеннае злачынства. Amnesty International таксама пераканана, што гэтыя дзеяньні варта расьсьледаваць як злачынства супраць чалавечнасьці», — заявіла генэральная сакратарка Amnesty International Аньес Калямар.
Арганізацыя задакумэнтавала выпадкі, у якіх прадстаўнікоў асобных груп, у тым ліку дзяцей, старых і людзей з інваліднасьцю, прымусова вывозілі на іншыя акупаваныя Расеяй тэрыторыі або незаконна дэпартавалі ў Расею.
У адным з выпадкаў жанчыну адлучылі ад 11-гадовага сына падчас «фільтрацыі», затрымалі і не далі ўзьяднацца зь ім, што зьяўляецца дакладным парушэньнем міжнароднага гуманітарнага права, — адзначаецца ў паведамленьні Amnesty International.
Людзі, якіх затрымлівалі падчас «фільтрацыі», расказвалі Amnesty International, што іх катавалі і жорстка ставіліся — зьбівалі, білі токам і пагражалі сьмерцю. Іншым адмаўлялі ў ежы і вадзе, шмат каго трымалі ў небясьпечных памяшканьнях, перапоўненых людзьмі.
Amnesty International запісала размовы з 88 грамадзянамі Ўкраіны. Большасьць зь іх — цывільныя з Марыюпалю, а таксама з Харкаўскай, Луганскай, Херсонскай і Запароскай абласьцей. «Амаль усе, асабліва людзі з Марыюпалю, расказвалі пра ўмовы, у якіх яны апыналіся, як пра прымусовыя, — гэта азначае, што яны, па сутнасьці, ня мелі іншага выбару, як паехаць у Расею або на іншыя акупаваныя Расеяй тэрыторыі».
Украінскія ўлады заяўлялі, што Расея незаконна і пад прымусам вывезла з украінскай тэрыторыі амаль 1,5 мільёна грамадзян, у тым ліку больш як 200 тысяч дзяцей.