Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расею вывезьлі звыш 1,5 мільёна грамадзян Украіны. Эвакуацыя ці прымусовая дэпартацыя?


Дзяўчынка ў эвакуацыйным аўтобусе ў Марыюпалі. Красавік 2022
Дзяўчынка ў эвакуацыйным аўтобусе ў Марыюпалі. Красавік 2022

У Расеі грамадзян Украіны чакаюць фільтрацыйныя лягеры. У першыя дні ўкраінцаў вывозілі ў тым ліку праз тэрыторыю Беларусі. Экспэрт мяркуе, што расейскія ўлады вывозяць украінцаў найперш для прапаганды і паляпшэньня сваёй дэмаграфіі.

  • Міжведамасны каардынацыйны штаб Расеі па гуманітарным рэагаваньні, які стварылі пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, паведаміў, што на расейскую тэрыторыю выехалі 1 556 258 грамадзян Украіны, у тым ліку 254 270 дзяцей.
  • У той жа час, паводле зьвестак ААН, у Расею з Украіны ад вайны ўцяклі 971 417 з 6 801 987 агульнай колькасьці грамадзян, якія выехалі за межы ўкраінскай тэрыторыі.
  • У Расеі вываз украінцаў на сваю тэрыторыю называюць эвакуацыяй. Ва Ўкраіне — прымусовай дэпартацыяй, забароненай міжнародным правам.

Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны Людміла Дзянісава даведалася аб фільтрацыйных лягерах для ўкраінцаў на тэрыторыі Расеі ад расейскіх валянтэраў, паводле якіх, лягеры знаходзяцца па ўсёй Расеі — ад Санкт-Пецярбургу да Сахаліна.

Пазьней Людміла Дзянісава заявіла, што расейскі ўрад загадзя рыхтаваўся да такой «эвакуацыі» ўкраінцаў, разьмеркаваўшы пэўныя квоты для розных рэгіёнаў Расеі.

Навошта Расея вывозіць украінцаў і ці могуць яны вярнуцца на радзіму?

Вывозілі празь фільтрацыйныя лягеры

У Расею найчасьцей вывозілі грамадзян з Марыюпалю і іншых гарадоў Данецкай і Луганскай вобласьці, якія пераходзілі пад кантроль расейскіх войскаў у выніку баявых дзеяньняў з 24 лютага. Часьцяком, як прызнаюцца тыя, хто апынуўся на расейскай тэрыторыі, яны ня ведалі, што іх вывозяць на тэрыторыю Расеі.

Жыхарка Марыюпалю Сьвятлана Тахтар кажа, што яна ня мела іншай магчымасьці выехаць з блякаднага гораду.

Уцекачы з Марыюпаля, красавік 2022
Уцекачы з Марыюпаля, красавік 2022

«Мы жылі на левым беразе, які бліжэй да расейскай мяжы, таму адзіны калідор быў праз Расею. Мы выйшлі на Безыменнае, праходзілі там фільтрацыю, потым перасеклі расейскую мяжу, трапілі ў Краснадар, адтуль ва Ўладзікаўказ, а потым ужо ў Грузію», — расказала Сьвятлана.

Украінская ўцякачка кажа, што ёй пашанцавала, бо мела расейскія грошы, таму змагла выклікаць таксі і дзейнічаць самастойна.

«Вось гэта для мяне было страшна: што мяне могуць адвезьці не туды, куды я хацела б трапіць», — дадала Сьвятлана.

Мікіту Куцарскага расейскія вайскоўцы вывезьлі з Марыюпалю ў Данецк, дзе ён праходзіў фільтрацыю ў адной са школаў.

«Бралі адбіткі, фатаграфавалі з усіх бакоў, тату вывучалі і глядзелі, ці ёсьць сінякі ад прыклада», — расказаў ён. Пасьля фільтрацыі яго вывезьлі з Данецку ў Расею, але Мікіта ўцёк адтуль.

Забіралі ўкраінскія пашпарты

Сьвятлане Харчанцы з Марыюпалю разам зь пяцігадовай дачкой давялося некалькі разоў праходзіць фільтрацыю — спачатку на тэрыторыі так званай ДНР, а потым у Расеі. Па выніках апошняй прапанавалі ехаць у Астрахань, і, паколькі ў яе не было грошай, яна вымушаная была пагадзіцца. Каб легалізавацца ў Расеі і працаваць, яна мусіла здаць свой украінскі пашпарт. Але яна не хацела заставацца без дакумэнтаў і траціць магчымасьць вярнуцца.

«Я кожную ноч выходзіла і плакала. Я ня ведала, што мне рабіць, як мне выехаць адтуль, таму што я не хацела жыць у краіне, дзе ўсё ў крыві», — сказала Сьвятлана.

Дзьве Сьвятланы і Мікіта змаглі выехаць з Расеі дзякуючы дапамозе расейскіх валянтэраў.

Гэта робяць для прапаганды і дэмаграфіі, — экспэрт

Расейскі палітоляг і грамадзкі дзеяч Міхаіл Сава, які ўцёк ад перасьледу з Расеі ва Ўкраіну і цяпер займаецца праблемамі вывезеных украінцаў, кажа, што расейскія ўлады не забараняюць украінцам вяртацца дадому. Але зрабіць гэта самастойна, без дапамогі, практычна немагчыма.

Паводле яго, вывозячы ўкраінцаў на сваю тэрыторыю, Расея перасьледуе адразу дзьве мэты — прапагандысцкую і дэмаграфічную.

«У часе фільтрацыі расейскія ўлады спрабуюць знайсьці людзей, якіх яны ў будучыні выкарыстаюць у паказальных палітычна матываваных працэсах. Ёсьць ужо плян: ня менш за 200 крымінальных спраў аб так званых злачынствах супраць народу Данбасу. Тое самае, дарэчы, цяпер яны робяць з украінскімі ваеннапалоннымі. Іх, як кажуць на турэмнай мове, прэсуюць, каб выбіць паказаньні і ініцыяваць гэтыя крымінальныя справы», — кажа Міхаіл Сава.

Другая мэта, паводле яго, — гэта пашпартызацыя тых украінскіх грамадзян, якія захочуць атрымаць расейскае грамадзянства, або тых, у каго ня будзе іншага выбару.

«Летась, у 2021-м, Расея выдала рэкордную колькасьць расейскіх пашпартоў, то бок прыняла рэкордную колькасьць людзей у грамадзянства — 735 тысяч. Гэта кампэнсуе натуральнае зьмяншэньне насельніцтва Расеі, а яно досыць вялікае, на 600 тысяч грамадзян у год памяншаецца насельніцтва гэтай краіны. Таму адна з задач — гэта вырашэньне дэмаграфічнай праблемы», — мяркуе Міхаіл Сава.

«Вываз украінцаў — ваеннае злачынства»

Міхаіл Сава падкрэсьліў, што такая «эвакуацыя» грамадзян Украіны на тэрыторыю Расеі і прымусовая пашпартызацыя зьяўляюцца адным зь відаў ваенных злачынстваў.

«Ёсьць Жэнэўскія канвэнцыі, ухваленыя яшчэ ў 1949 годзе. Там крыху састарэлая мова, але там ёсьць такі дакладны тэрмін — „вываз насельніцтва -акупантам“. Дык вось вываз насельніцтва катэгарычна забаронены, і так, ён зьяўляецца ваенным злачынствам. І ў многіх выпадках мы можам гаварыць менавіта аб вывазе насельніцтва, таму што дакладна вядома: многія ўкраінцы ня ведалі, куды іх вывозяць. Да іх проста прыйшлі, сказалі, што тут небясьпечна, расейскія салдаты вывелі іх, пасадзілі ў аўтобусы і кудысьці адправілі. Пасьля яны апынуліся на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі», — патлумачыў Міхаіл Сава.

Паводле яго, цяпер цяжка вызначыць колькасьць украінцаў, якіх вывезьлі прымусова, але такіх выпадкаў вельмі шмат.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG