Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Білі электрашокерам, рукамі і нагамі». Украінец расказаў, як яго дэпартавалі ў Расею празь Беларусь


Дзяўчына абдымае свайго хлопца перад ягонай адпраўкай бліжэй да лініі фронту, на фоне ўварваньня Расеі ва Украіну, Львоў, Украіна, 9 сакавіка 2022 года. Ілюстратыўнае фота
Дзяўчына абдымае свайго хлопца перад ягонай адпраўкай бліжэй да лініі фронту, на фоне ўварваньня Расеі ва Украіну, Львоў, Украіна, 9 сакавіка 2022 года. Ілюстратыўнае фота

Паводле Генэральнай пракуратуры Ўкраіны за час вайны тысячы мірных украінцаў былі захопленыя ў палон расейскімі войскамі і сілком вывезеныя на тэрыторыю Расеі.

Вярнуцца дадому пакуль удалося толькі адзінкам у рамках абмену палоннымі. Усе яны расказваюць, што падвяргаліся бесчалавечнаму абыходжаньню ў расейскіх турмах. Пра лёс многіх да гэтага часу нічога не вядома.

«Расейскі салдат біў людзей токам у шыю, па твары і каленях»

Уладзіміра Хапуна, валянтэра «Чырвонага крыжа», схапілі расейскія вайскоўцы і дэпартавалі на тэрыторыю Расеі. З моманту ягонага вызваленьня прайшло ўжо тры тыдні, аднак да гэтага часу яму складана ўзгадваць перажытую траўму. Гісторыю Ўладзімера распавядае BBC.

18 сакавіка Уладзімір Хапун за рулём школьнага аўтобуса ехаў у сяло Казаравічы, каб дапамагчы ў эвакуацыі жыхароў, якія апынуліся ў эпіцэнтры баявых дзеяньняў. Сяло разьмешчана прыкладна за 40 кілямэтраў на паўночны захад ад Кіева. На адным з расейскіх блёкпастоў Уладзімір патлумачыў мэту паездкі і папрасіў яго прапусьціць, але замест гэтага быў затрыманы.

Першыя некалькі дзён яго разам зь іншымі палоннымі трымалі ў падвале фабрыкі ў вёсцы па суседзтве. 40 чалавек (усе мірныя жыхары) замкнулі ў памяшканьні памерам 28 квадратных мэтраў.

Паводле Ўладзіміра, вайскоўцы білі іх прыкладамі, ужывалі тазэры (разнавіднасьць электрашокера) і ўсяляк зьдзекаваліся. Яму завязалі вочы і рукі, і патрабавалі даць інфармацыю аб украінскім войску.

«Нас білі прыкладамі, і рукамі, і нагамі. Адзін салдат быў вельмі малады, амаль дзіця. Ён выкарыстаў электрашок і біў токам у шыю, па твары і каленях людзей. Ён так забаўляўся», — успамінае Уладзімер.

«З намі абыходзіліся, як з жывёламі»

Амаль тыдзень палонных пратрымалі ва Ўкраіне, а потым перавезьлі ў Беларусь.

«Яны думалі, што мы нічога не бачым, але я бачыў, як мы праяжджалі вёскі, Іванкаў, Чарнобыль, а потым перасеклі мяжу», — успамінае Уладзімер.

У Беларусі затрыманым раздалі пасьведчаньні асобы. У іх указана, што яны вырабленыя на замову ўзброеных сіл Расеі. У пасьведчаньні Ўладзімера месцам яго нараджэньня значыцца Ўкраінская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка — так Украіна звалася да здабыцьця незалежнасьці пасьля распаду СССР у 1991 году.

Далей шлях палонных ляжаў зь Беларусі ў расейскую турму.

«Зьдзекі працягнуліся. Яны зьневажалі нас, прымушалі станавіцца на калені і прымаць нязручныя паставы. Калі мы глядзелі ім у вочы, нас зьбівалі. Калі мы рабілі нешта павольна, нас зьбівалі. З намі абыходзіліся як з жывёламі», — апавядае Уладзімір.

Ён налічыў яшчэ 72 чалавекі, якія знаходзіліся ў зьняволеньні ў непасрэднай блізкасьці ад яго, але мяркуе, што палонных было значна больш.

«Мы імкнуліся падтрымліваць адзін аднаго. Часам проста ня верылася, што ўсё гэта адбываецца насамрэч. Было адчуваньне, што з XXI стагодзьдзя мы патрапілі ў XVI-е», — успамінае мужчына.

Праз два тыдні пасьля арышту, 7 красавіка, Уладзімера разам з трыма жанчынамі, якія ўтрымліваліся ў іншай турме, самалётам адправілі ў Крым, анэксаваны Расеяй у 2014 годзе. Жанчыны расказалі яму, што іх таксама білі.

Па словах Уладзіміра, яны не разумелі, куды іх вязуць, але чулі, як салдаты неаднаразова паўтарылі слова «абмен».

З Крыма палонных па дарозе прывезьлі да маста ў 32 кілямэтрах ад Запарожжа і загадалі перайсьці па ім на іншы, падкантрольны Ўкраіне бок. Гэты пераход адбыўся 9 красавіка. Але перш, чым расейскі бок адпусьціў цывільных украінцаў, бакі абмяняліся ваеннапалоннымі.

Уладзімір кажа, што яму цяжка апісаць свае пачуцьці ад перажытага, але ён хоча, каб увесь сьвет пачуў ягоную гісторыю, хоча данесьці, што гісторыі аб гвалтоўным утрыманьні ўкраінцаў у Расеі — стоадсоткавая праўда.

У турме ён чуў, што ў суседняй камэры знаходзіліся хлопцы з Чарнобыльскай АЭС. Ён не можа сказаць, хто менавіта, але на дадзены момант агульнавядома, што бясьсьледна зьніклі 169 байцоў Нацыянальнай гвардыі Украіны, якія ахоўвалі аб’ект. Пасьля таго як станцыю акупавалі расейскія вайскоўцы, гвардзейцаў некалькі тыдняў трымалі ў памяшканьні на тэрыторыі АЭС, а далей пра іх нічога не вядома.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG